Гвардзеец- паштальён

63 гады ў згодзе ідуць па жыцці Валянціна і Уладзімір Янушкевічы.

Гэты дом па вуліцы Першамайскай у Пад’язаўлі пакажа кожны. У дагледжаным двары мноства кветак, сам дом пафарбаваны ў яркія колеры, на адной са сцен — шыльда з надпісам “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны”.

На ганку гасцінна сустракаюць ветлівыя гаспадары Уладзімір і Валянціна Янушкевічы. Ужо на першых хвілінах знаёмства складваецца ўражанне, што ў доме пануе атмасфера павагі, узаемападтрымкі, клопату і, канешне ж, любві. Не дзіўна, бо сямейны стаж гэтай шчаслівай пары — 63 гады. І не толькі па жыцці разам Уладзімір Міхайлавіч і Валянціна Пятроўна, яны яшчэ і былыя калегі: разам працавалі паштальёнамі ў Альхоўскім аддзяленні паштовай сувязі, іх агульны прафесійны стаж таксама ўнушальны — 55 гадоў.

Напярэдадні свайго 90-гадовага юбілея (а нарадзіўся наш зямляк 10 жніўня 1924 года) Уладзімір Янушкевіч раз-пораз думкамі вяртаецца ў гады сваёй маладосці, абпаленыя вайной.

Наогул, лёс не песціў яго з дзяцінства. Ён адзін з васьмярых дзяцей, якія нарадзіліся ў сям’і Янушкевічаў і вельмі рана сталі сіротамі.

— Так і жылі: старэйшыя даглядалі малодшых. Каму яшчэ мы былі патрэбныя? Працаваў з дзяцінства, не цураўся ніякай работы. Але паспеў яшчэ пры Польшчы закончыць 4 класы, — успамінае ветэран.

Якімі маладымі былі...

А потым была Вялікая Айчынная вайна. Уладзімір Міхайлавіч з хваляваннем прыгадвае, што было вельмі страшна, фашысты не шкадавалі ні старых, ні малых — акупацыйны рэжым паказаў усю жорсткасць знакамітага “нямецкага парадку”. Вось чаму з такой радасцю сустракалі доўгачаканае вызваленне.

Прыйшоў час прысягнуць на вернасць Радзіме многім беларускім юнакам, у тым ліку і 20-гадоваму Валодзю. Ён ірваўся на фронт — там ваяваў старэйшы брат Іосіф, як даведаўся пасля, у канцлагеры загінуў яшчэ адзін брат Вікенцій. Зусім кароткая “вучэбка” — і пачаўся адлік франтавых дарог кулямётчыка-наводчыка гвардзейца Янушкевіча ад Каўнаса да Кенігсберга. На вайне, як на вайне…

— Пад Кенігсбергам фашысты супраціўляліся моцна. 16 дзён наш полк быў адрэзаны ад асноўных сіл. Горка было бачыць, як гінулі юнакі-землякі, з якімі разам прызываліся ў дзеючую армію. Толькі з Вадзяціна трое хлопцаў пахаваны там. І сёння, каб трапіў туды, паказаў бы месца, дзе іх напаткала смяротная куля, — расказвае Уладзімір Міхайлавіч, і вочы яго напаўняюцца слязамі.

Гвардзеец Уладзімір Янушкевіч з баявымі таварышамі.

А яму пашчасціла – хаця моцна параніла, але ўсё ж застаўся жывы. У шпіталі, куды даставілі кулямётчыка, адразу зрабілі аперацыю, але, як ні стараліся медыкі, дастаць асколак, які знаходзіўся ў няпоўным сантыметры ад сэрца, так і не змаглі. Патрабавалася яшчэ адна аперацыя, але салдат не даў на яе згоду:

— Мой асколак хай застаецца пры мне. Буду ваяваць разам з ім і далей.

Ён заўсёды меў добрае пачуццё гумару, стараўся ў любой сітуацыі і пры любым раскладзе заставацца аптымістам.

Не паспеў Уладзімір паправіцца ад ранення, як па запасным палку, куды яго адправілі пасля шпіталя, пранеслася: “Ура! Перамога! Вайне канец!”. Усе абдымаліся, радаваліся, танцавалі, спявалі – шчасцю не было канца.

З арміі гвардзеец 156 гвардейскага стралковага Полацкага ордэна Кутузава палка дэмабілізаваўся ў сакавіку 1946 года. Пра той бой, дзе паранілі, нагадваюць асколак, які не, не ды і дае пра сябе знаць моцнымі болямі, і Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені за смеласць, мужнасць і стойкасць.

Пасляваеннае жыццё ветэрана цесна пераплецена з жыццём яго землякоў. Вярнуўся дамоў у Пад’язаўле, пачаў будаваць дом, сустрэў і каханне — сваю другую палавінку Валянціну, таксама тутэйшую.

— Чаго цяпер утойваць, падабаўся я дзяўчатам. Медсястра са шпіталя нават плакала, калі мяне выпісвалі. А Валянціна мая, хоць і малодшая на 10 гадоў, адразу запала ў душу. Сэрцам адчуў, што гэта маё, — гаворыць Уладзімір Міхайлавіч і з усмешкай дадае: — Вось толькі росту яна была маленькага. Думаў, што падрасце. Але ж не падрасла…

Валянціна Пятроўна за столькі гадоў сумеснага жыцця да жартаў мужа прывыкла:

— Мой Валодзя жартаваць любіць. А яшчэ ён добры, сціплы, ніколі не павышае голас, ва ўсім дапамагае, падтрымлівае.

Яна заўсёды вельмі клапацілася пра мужа, разумеючы, колькі няшчасця выпала на яго долю. Стала для яго і поварам, і цырульнікам, і памочнікам — самым галоўным і незаменным чалавекам. Такім застаецца і сёння. Як на вуліцы цёпла, яна тут жа: “Міхайлавіч, пайшлі на працэдуры – свежым паветрам дыхаць!”. І работу сваю — палявода — калісьці змяніла, дзякуючы мужу. Дапамагала яму разносіць пошту і атрымала прапанову таксама працаваць паштальёнам. Уладзімір Міхайлавіч дастаўляў газеты, часопісы, пісьмы, пенсіі, паштовыя пераводы ў 400 двароў Вадзяціна, Пад’язаўля і бліжэйшых хутароў, А Валянціна Пятроўна — па больш чым 500 адрасах у Альхоўцах, Петухоўшчыне, Задвор’і.

Хапала спраў і дома: трымалі вялікую гаспадарку, выхавалі траіх дзяцей, цяпер радуюцца 5 унукам і столькім жа праўнукам. Малодшыя пакаленні Янушкевічаў не забываюць бабулю і дзядулю, часта прыязджаюць і ў госці, і па гаспадарцы дапамагчы. Апошнім часам разам з бацькамі жыве сын Алег – надзейная апора і падтрымка. Не забываюць школьнікі, сацыяльная служба. Прадстаўнікі апошняй прыязджаюць, тэлефануюць, цікавяцца, ці патрэбна якая дапамога. Паабяцалі, што дапамогуць замяніць шыфер на даху.

На жыццё ветэран не скардзіцца, усім задаволены і лічыць, што цяпер жыць добра: пра пенсіянераў клапоцяцца, на пенсію няма чаго наракаць, побач блізкія і родныя людзі – жыві і радуйся.

— Ганаруся тым, што ваяваў. Удзячны лёсу, што выжыў і доўга жыву, што ў мяне такая дружная і любячая сям’я. Радуюся кожнаму дню. Вось яно — шчасце! — сцвярджае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Янушкевіч.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

і з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *