Запрашае абласная бібліятэка. Брэстчына прымае віншаванні і падарункі

Брэстчына прымае віншаванні і падарункі. Значны 85-гадовы рубеж напоўнены дасягненнямі, а святкаванне такой значнай даты – шчырымі віншаваннямі і важкімі падарункамі. Напярэдадні падзеі шыкоўнае адкрыццё абноўленага будынка чакала абласную бібліятэку імя Максіма Горкага.

Яркую падзею ў жыцці Першага рэгіёна раздзяліў старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык. Колькі шчырых цёплых слоў было сказана ў адрас тых, хто беражліва захоўвае бясцэнны культурны скарб, папулярызуе друкаваныя выданні, робіць бібліятэчнае
асяроддзе прывабным месцам для наведвальнікаў.


– У гэтым годзе адкрываецца пасля рэканструкцыі другая бібліятэка. Да Дня пісьменства таксама рэканструявалі бібліятэку ў Івацэвічах, – адзначыў Пётр Пархомчык. – Бібліятэка – гэта храм, дзе можна атрымаць неабходную інфармацыю. Прыемна адзначаць, што яго прэстыж у апошнія гады вяртаецца. Трэба адкінуць у бок тэлефон, прыйсці ў бібліятэку і пачытаць кніжку, каб атрымаць ад гэтага
задавальненне.
Цудоўным падарункам для бібліятэкі стане інтэрактыўная панэль: святочны сертыфікат кіраўнік вобласці ўручыў дырэктару бібліятэкі Алене Стрыжэвіч. Падарунак па-за межамі часу і рэальнасці –
кнігі, якія бібліятэцы перадаў унук пісьменніка Міхаіла Шолахава. А вось губернатар атрымаў у памяць пра гэты дзень чытацкі білет № 1.
І для Ляхавіччыны гэта падзея мае асаблівае значэнне і дачыненне. Справа ў тым, што абласную бібліятэку ўзначальвае не чужы нашаму раёну чалавек – дырэктар бібліятэкі Алена Стрыжэвіч пачынала свой працоўны шлях у ляхавіцкай купалаўцы бібліятэкарам. Ведай нашых!