«Заэкранне» ляхавіцкага «Кастрычніка». Напярэдадні Дня беларускага кіно, які ў краіне адзначаецца 17 снежня, «ЛВ» завітаў у «заэкранне» ляхавіцкага «Кастрычніка»

Інфраструктуру раёна немагчыма ўявіць без кінатэатра «Кастрычнік». Сюды за якасным адпачынкам спяшаюцца і маленькія, і дарослыя ляхавічане. Напярэдадні Дня беларускага кіно, які ў краіне адзначаецца 17 снежня, а сёлета яшчэ і супадае са стагоддзем беларускага кінематографа, «ЛВ» завітаў у «заэкранне» ляхавіцкага «Кастрычніка».

Сучасны будынак, як і належыць, сустракае маляўнічымі афішамі і запрашае на кінапрэм’еры. Прапанова «Кастрычніка», як гаворыцца, на любы густ і ўзрост.
– Імкнёмся зрабіць расклад сеансаў максімальна зручным для нашых гледачоў. Расклад плануем на тыдзень, але кожны дзень ён розны, каб землякі маглі выбраць лепшы час і трапіць на сеанс. Чацвер у нас – прэм’ерны дзень. Гэта значыць, што на экране з’явіцца штосьці новенькае. Сёння пракатныя арганізацыі прапануюць шырокі выбар прадуктаў, імкнёмся, каб на нашых экранах было ўсё тое, што прапануюць у абласных гарадах. Гэта і замежныя стужкі, і кінапрадукцыя Саюзнай дзяржавы. Прыемна, што апошнім часам усё большую папулярнасць сярод нашых гледачоў займае наша роднае – кіно ад нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Цікавае назіранне: такія фільмы выклікаюць больш пачуццяў, хваляванняў, доўга абмяркоўваюцца пасля, бо кранаюць нашу гісторыю, расказваюць пра нас, беларусаў. Па гэтай прычыне, у тым ліку, і білеты на гэтыя карціны хутчэй разлятаюцца, – расказвае дырэктар кінатэатра Дар’я Марозава.

За гэты год гледачамі КУКП «Ляхавіцкая раённая кінавідэасетка» сталі амаль 15 тысяч землякоў. У параўнанні з мінулым годам лічба значна падрасла, а, значыць, работа ідзе ў правільным напрамку.
Запатрабаваны сёння і перасоўны відэапраекцыйны комплекс. З кінастужкамі калясяць супрацоўнікі «Кастрычніка» па раёне, розных арганізацыях і прадпрыемствах, чакаюць у школах і дзіцячых садках фільмы і мультфільмы маленькія ляхавічане.
Заўсёды адчынена і чакае наведвальнікаў другая зала кінатэатра. Тут атрымалася гульнявая зона, дзе кожны можа самастойна спланаваць свой адпачынак: ёсць настольныя гульні, аэрахакей, праектар, калонкі, медыяэкран. Маленькія землякі любяць спраўляць тут дні нараджэння, падлеткі браніруюць залу для праглядаў кіно на выбар. А нядаўна дарослыя дзеці, напрыклад, крэатыўна павіншавалі сваіх бацькоў з гадавінай сумеснага жыцця і арганізавалі тут свята.
Планаў у «Кастрычніка» шмат.
– Канешне, хочацца арганізаваць тут зону, каб наведвальнікі маглі набыць, напрыклад, каву перад сеансам, якую-небудзь салодкасць. Магчыма, у наступным годзе тут з’явіцца кавамашына, –
расказвае Дар’я Марозава.


А сёння гледачы кінатэатра могуць стаць удзельнікамі што-
гадовай «Навагодняй латарэі».
Дастаткова купіць білет на кінасеанс да 13 студзеня, запоўніць
анкету, атрымаць нумар удзельніка і чакаць вынікаў латарэі. Генератар выпадковых лічбаў вызначыць трох пераможцаў, для якіх «Кастрычнік» падрыхтаваў падарункі.


Работа «Кастрычніка» падобна да добра адладжанага механізма.
І хоць калектыў невялікі – 8 чалавек, з якіх тры сезонныя работнікі –
кожны ас у сваёй спецыфіцы. Галоўны інжынер Юлія Перапечка
і відэадэманстратар Наталля Хвайніцкая адказныя за тое, каб глядач убачыў на экране той фільм, на які набыў квіток, – а гэта і падбор кінапрапаноў, распісанне, тэхнічная частка, стан абсталявання і яго спраўнасць. Пра Наталлю Хвайніцкую дырэктар кінатэатра расказвае з асаблівай павагай і цеплынёй. У стагоддзе беларускага кінематографа ў яе і свая 25-гадовая дата працы ў гэтай сферы. Адзіны запіс у працоўнай кніжцы – кінатэатр «Кастрычнік».
А сустракае гледачоў ветлівы касір па продажы білетаў
Святлана Зубік. За фінансы тут адказная галоўны бухгалтар Валянціна Лагвіновіч.
У свой прафесійны дзень яны будуць на працы – чакаць гледачоў… І падрыхтавалі ўжо для іх падарунак. 17 снежня апошнія два сеансы будуць бясплатныя. Падбор фільмаў абяцаюць і для дарослых, і для дзяцей.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

АФІША

З 12 снежня ў кінатэатры «Кастрычнік» пачаўся паказ доўгачаканага фільма «Чорны замак». Пакуль плануецца, што ў кінапракаце мясцовага кінатэатра фільм будзе значыцца да 25 снежня.
З 12 па 18 снежня кінасеансы прызначаюцца на 17.20. Магчымы і дадатковыя сеансы. Сачыце за афішамі ў афіцыйным інстаграм-акаўнце «Кастрычніка» @kino.lyakhovichi.
Паспейце паглядзець многаабяцальную прэм’еру на вялікім экране!
Фільм зняты Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» і расійскай кампаніяй «Нью Арт Сінема Прадакшн», заснаваны на рамане беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі».