Ляхавічы:прайсціся па горадзе пешшу

Увогуле наш горад прыгожы і дагледжаны. Але ёсць нюансы. За «прыкладамі» далёка хадзіць не трэба.

Менавіта такі просты і “інфармацыйны” метад вывучэння санітарнага стану горада, парадку ў скверах, дварах, ля аўтобусных прыпынка і г. д. — проста прайсціся па горадзе пешшу – прапанаваў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч кіраўнікам і адказным за гэты парадак асобам. Кветкамі і іншымі эстэтычнымі прыкметамі добраўпарадкавання любавацца не будзем. Убачым тое, што адлюстраваў аб’ектыў фотакара газеты: імправізаваныя сметнікі, непадкошаная тэрыторыя (у даным выпадку ля кааператыўных дамоў, а, значыць, у адказе за гэта самі жыхары), “пераблытаныя” кімсьці кантэйнеры для паасобнага збору смецця, раскіданыя па газонах і ў скверы пакеты ад цукерак, марожанага, чыпсаў, бутэлькі ад мінералкі і бясконцыя недакуркі ўздоўж тратуараў, вакол лавачак. Думаецца, што такія фрагменты беспарадку павінны хваляваць ці не ў першую чаргу тых, хто займаецца выхаваннем нашых рознаўзроставых землякоў. Так-так, выхаванне – працэс бясконцы: цукерачны фанцік кінула пад ногі дзіцё, а вось бутэльку ад спіртнога ля фантана “забыліся” дарослыя…

Канешне, падтрыманне парадку ў горадзе, у першую чаргу, клопат спецыяльных службаў. Тон задаюць камунальнікі, у дапамогу ім практычна ўсе працоўныя калектывы і ў ідэале – усё насельніцтва. Толькі ідэальны варыянт пакуль бачыцца аддаленым, пра што і сведчыць аб’ектыўны аб’ектыў. І патрабаванне кіраўніка раёна, якое датычыць навядзення і падтрымання парадку ва ўсіх населеных пунктах, на ўсіх тэрыторыях, застаецца задачай дня. Тым больш, што свята сапраўднае блізіцца, – новы год навучальны. Чым не стымул?!

Паасобны збор смецця некаторыя жыхары вул. Будаўнікоў разумеюць так.

Слова “парадак” на апаратнай нарадзе гучала і з іншай нагоды – у дачыненні да гандлёвага абслугоўвання, арганізацыя якога патрабуе радыкальных перамен.

Не ўпершыню рабілася справаздача аб ходзе нарыхтоўкі другаснай сыравіны. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч гаварыла аб мерапрыемствах, якія павінны паспрыяць выкананню задання. Размова на тэму будзе працягвацца на наступнай апаратнай нарадзе – пытанне знаходзіцца пад пастаянным кантролем кіраўніцтва раёна.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень дакладвала аб ходзе выканання Дэкрэта № 18, рабоце з так званымі абавязанымі асобамі і пагашэнні імі запазычанасці перад дзяржавай. Тут існуе шэраг праблем, найбольш – суб’ектыўнага характару. Пра іх і вялася дэталёвая размова.

Але вернемся да блізкага 1 верасня. Такая жыццесцвярджальная аптымістычная падзея – пачатак новага навучальнага года. Яна павінна быць радаснай для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Не толькі сям’я за гэта ў адказе – дзяржава клапоціцца шчыра і важка. Важна, каб усе мы, дарослыя, усвядомілі, што чужых дзяцей не бывае, і дапамаглі стварыць радасць для нашых юных землякоў. Спяшайцеся рабіць дабро!

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ля былога будынка райпо па вул. Цітовіча.

Ля кааператыўных дамоў па вул. Кальцавой.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *