Дысконт актуальны і для магазіна, і для аўталаўкі. Як аформіць скідачную картку для пенсіянераў «Родны кут сацыяльная»?
У цэнтры ўвагі – гандлёвае абслугоўванне. Дакладней, работа аўталавак райпо. Прычым размова пойдзе не пра асартымент тавару магазіна на колах ці якасць абслугоўвання.

Праблема, якую ўзняла жыхарка вёскі Савейкі, у наступным. Вяскоўка звярнулася ў магазін на колах райпо, які прыязджае ў населены пункт па пэўных днях, каб ёй аформілі скідачную картку для пенсіянераў «Родны кут сацыяльная». Прадавец аўталаўкі адмовіла ў такой паслузе…
– Справа ў тым, што аўтамагазін, які на сваім маршруце заязджае ў тым ліку ў вёску Савейкі, да нядаўняга часу не быў
абсталяваны спецыяльнай аўтаматызаванай сістэмай для разліку па дысконт-карце. Прыкладна тыдзень назад такая аўтасістэма ўсталявана і ў гэтым магазіне на колах. Што тычыцца непасрэдна адрасата, які звярнуўся на гарачую лінію «ЛВ», то яна аформіла неабходную заяву, зараз даныя апрацоўваюцца, і ў хуткім часе яна можа карыстацца скідачнай карткай у любым магазіне райпо – стацыянарным ці
на колах, – тлумачыць сітуацыю намеснік старшыні праўлення райпо Уладзімір Шырэй.
Гаворачы пра тэму разліку банкаўскімі карткамі і выкарыс-
танне скідачных карт у аўталаўках райпо, у мінулым годзе ўзнікала і яшчэ адна праблема: карткі «праходзілі» не заўжды.
– Такое пытанне перыядычна ўзнікае. Летам гэта тэма была актуальнай для жыхароў аграгарадка Падлессе. Тады мы звярталіся з запытам у Брэсцкі вылічальны цэнтр, які займаецца настройкай праграмнага забеспячэння. Праводзілася разбіральніцтва. Справа ў рабоце інтэрнэту. У тых населеных пунктах, дзе інтэрнэт-сувязь добрай якасці, праблем няма. Як патлумачылі ў «Белтэлекаме», да канца 2027 года належная якасць інтэрнэту павінна быць ва ўсіх населеных пунктах раёна, – падкрэсліў Уладзімір Шырэй.
Дарэчы, у красавіку 2024 года падчас асабістага прыёму грамадзян старшынёй Брэсцкага аблвыканкама ўзнята тэма адсутнасці магчымасці разліку банкаўскай карткай пры куплі тавараў у аўтамагазіне, які прыязджае ў вёску Новыя Буды. Праблема была вырашана. Што тычыцца непасрэдна дысконтнай карткі, яе атрымання, то тут сітуацыя наступная.
– У многіх гандлёвых сетках краіны са студзеня 2022 года дзейнічае праграма 10-працэнтнай скідкі для ўразлівых катэгорый насельніцтва. І такі папулярны ў насельніцтва дысконт пастаянна прадаўжаецца. У снежні мінулага года МАРГ і прадстаўнікі буйных гандлёвых сетак падпісалі дадатковае пагадненне на першы квартал 2025 года аб скідках на шэраг тавараў для ўразлівых катэгорый насельніцтва. Гэта агульная ініцыятыва дзяржавы і бізнесу па падтрымцы некаторых катэгорый насельніцтва. На скідку могуць разлічваць пенсіянеры, мнагадзетныя сем’і, атрымальнікі дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, інваліды і сем’і з дзецьмі-інвалідамі. У пералік прадуктаў, на якія распаўсюджваецца скідка, трапілі некалькі дзясяткаў пазіцый, у прыватнасці, мука, хлеб, свініна, ялавічына, куры, малако, кефір, смятана, тварог, агародніна і іншыя тавары, мясныя і фруктовыя кансервы для дзіцячага і дыетычнага харчавання. Адзначу, што кожная гандлёвая сетка можа выдаваць уласную карту скідак, як і сама распрацоўвае механізм іх атрымання. Для таго,
каб атрымаць дысконтную картку, грамадзянін павінен у любым стацыянарным магазіне той ці іншай гандлёвай сеткі прадаставіць дакумент, што пацвярджае прыналежнасць да сацыяльна ўразлівай катэгорыі, напісаць заяву, пасля апрацоўкі даных картка са статусам «сацыяльная» актывуецца, і ёй можна карыстацца. Непасрэдна скідка даецца пасля таго, як касіру пры разліку за тавар прадастаўляецца дысконтная картка, – тлумачыць галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна Раманава.
Галіна КАНЬКО.

