Лазня ёсць. Лазеншчыка няма. Чаму ў Крывошыне Ляхавіцкага раёна не працуе лазня?

На гарачую лінію «ЛВ» патэлефанавалі жыхары Крывошына. З верасня 2024 года ў гэтым населеным пункце не працуе лазня. А ў суседні Ліпск ці ў райцэнтр, маўляў, не наездзішся.

Каб высветліць сітуацыю, «ЛВ» звярнуўся ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», на чыім балансе і знаходзіцца лазня ў Крывошыне.
– Справа ў тым, што з верасня мінулага года не можам знайсці работніка ў лазню ў Крывошын. Раней гэты аб’ект працаваў два разы на месяц, і такой перыядычнасці хапала. Калі б знайшоўся жадаючы заняць такую працоўную вакансію, абавязкова ўладкавалі яго на працу і навучылі ўсім асаблівасцям прафесіі лазеншчыка. Калі ў кагосьці з’явіцца такое жаданне, тэлефануйце ў камунгас. Сама лазня прыгодна для выкарыстання, абсталяванне ўсё спраўнае, – адзначае дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі.