Азот, фосфар, калій. Прывабная ўраджайнасць палёў без іх мінеральнай падтрымкі немагчыма

Гэта не проста назвы з перыядычнай табліцы хімічных элементаў. Калі сабраць усё разам і ў правільнай прапорцыі – атрымаем формулу для павышэння аддачы сельскагаспадарчай нівы.

А, як ведаем, аддача зямлі сельскагас-падарчага выкарыстання вызначаецца колькасцю вырашчанай на ёй прадукцыі: збожжа, караняплодаў, травы і іншага, на чым фарміруюцца дабрабыт і здароўе кожнага. Іменна цэнтнеры з гектара з’яўляюцца ключавым паказчыкам работы аграрнага прадпрыемства. Ніякага сакрэту і ў тым, што «ўзбіцца» на прывабную ўраджайнасць палёў без іх мінеральнай падтрымкі немагчыма. Свае балансы, колькі і якіх тукаў патрабуецца пад кожную культуру, гаспадаркі фарміруюць вельмі ашчадна і за доўгія тыдні да выхаду ў поле. Так, згодна з атрыманай ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама інфармацыі, пад будучую яравую сяўбу аграрыям Ляхавіччыны (без уліку льнаводчых прадпрыемстваў, ЗТАА і фермерскіх гаспадарак) патрабуецца амаль 2 400 тон дзеючага рэчыва трох відаў мінеральных удабрэнняў. Па стане на 8 студзеня, у запасніках «Жарабковіч», «Шляху новага», «Белпрампрыбора», «Ляхавіцкага», «Ліпнянкі», «Начы» і «Белазем’я» знаходзіцца каля 2 000 тон дзеючага рэчыва азоту-фосфару-калію. Гэта даволі-такі нядрэнныя аб’ёмы, складаюць больш за 82 працэнты ад патрэбы і прыкладна на 90 тон перавышаюць расклад мінулага года. Найбольш «паўнацэннай» выглядае сітуацыя ў ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Шлях новы» і СВК «Ляхавіцкі», чые мінеральна-тукавыя нарыхтоўкі ўжо сфарміраваны на 106,
104 і 98 працэнтаў ад патрэбнай колькасці адпаведна.
У разрэзе асобных мінеральных кампанентаў урадлівасці найбольшая выніковасць дасягнута ў назапашванні калійных тукаў. З
852 неабходных для веснавых работ тон раённы «склад» калію сфарміраваны ўжо на больш як 1 300 тон дзеючага рэчыва. Патрэбнымі для яравой сяўбы аб’ёмамі калійных тукаў валодаюць усе сем названых сельгасарганізацый раёна. У асобных з іх, напрыклад, у «Белпрампрыборы», «Жарабковічах» рэальныя тоны больш як у паўтара раза перавышаюць планава неабходныя.
Горш, але ж таксама нядрэнна складваецца сітуацыя з фарміраваннем «яравога» запасу фосфару. Гэтага мінералу ўрадлівасці нарыхтавана 81 працэнт ад 266 неабходных для сяўбы тон дзеючага рэчыва.
Па азотных туках у нас пакуль назіраецца найменшы працэнт забяспечанасці: ёсць 460 тон,
патрэбная колькасць складае амаль 1 300.
Але ж, адзначым, на календары толькі першая дэкада студзеня. Да яравой палявой кампаніі ёсць яшчэ час. І, думаецца, вялікае жаданне аграрыяў выйсці на яе ў поўнай гатоўнасці. У тым ліку і ў плане наяўнасці патрэбных запасаў мінеральных удабрэнняў.

Іван КАВАЛЕНКА.