Зялёны колер у трэндзе. У Ляхавічах адбылося ўрачыстае адкрыццё мурала. Сярод гасцей – першы намеснік Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь
Сапраўдным патрыятычным лясным трэндам стаў тэматычны мурал, які размясціўся да шматкватэрных дамах у розных рэгіёнах Беларусі. Мурал прысвечаны людзям, якія служаць лесу і нагадвае пра тое, наколькі важна берагчы і прымнажаць прыродныя багацці краіны. Гэта праект Міністэрства лясной гаспадаркі, у межах якога запланавана стварыць аналагічныя выявы ў кожным раёне рэспублікі. У Ляхавічах такі арт-аб’ект упрыгожыў бок дома № 24 па вуліцы Арлоўскага. У мінулы чацвер адбылося ўрачыстае адкрыццё мурала.

Сярод гасцей – першы намеснік Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй Карась, супрацоўнікі міністэрства і Ляхавіцкага лясгаса, выхаванцы дашкольнага лясніцтва «Лесавічок», якое дзейнічае пры дзіцячым садку № 2. Першы намеснік Міністра пагутарыў з дашкалятамі, расказаў ім, як важна клапаціцца пра лес, берагчы яго, а таксама ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія пачастункі.
Наступным адрасам у насычаным графіку рабочай паездкі Андрэя Карася ў Ляхавічах стала наведванне некаторых падраздзяленняў лясгаса. У прыватнасці, ён пабываў у лясгасаўскіх цяпліцах, пагутарыў з тутэйшымі лесаводамі.
Таксама першы намеснік Міністра завітаў у Ляхавіцкі аграрны каледж, пазнаёміўся з базай навучальнай установы, дзе з 2025/2026 навучальнага года пачнецца навучанне па новай спецыяльнасці «лясная гаспадарка». Плануецца, што ў першай групе буць спасцігаць тэорыю і ўдасканальвацца ў практычных навыках ляснога майстэрства 26 навучэнцаў, з якіх 13 будуць вучыцца па мэтавым накіраванні.
Андрэй Карась і дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік абмеркавалі змест вучэбнага плана для групы новага набору.
– Канешне, для нас вельмі важныя такія сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства лясной гаспадаркі. Наш каледж упершыню будзе рыхтаваць спецыялістаў-лесаводаў. Таму для педкалектыву важныя як метадычная дапамога нашым выкладчыкам, так і садзейнічанне ў арганізацыі і забеспячэнні адукацыйнага працэсу і практычнага навучання. Плануецца паездкі для вывучэння вопыту работы у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны лясны каледж. Спадзяёмся на плённае супрацоўніцтва, – адзначыла Ірына Прыступа-Юнік.
Андрэй Карась застаўся ў захапленні ад убачанага і пачутага і выказаў меркаванне, што будучыя лесаводы-выпускнікі агракаледжа стануць запатрабаванымі спецыялістамі ў арганізацыях ляснога профілю не толькі Брэстчыны, але і іншых рэгіёнаў Беларусі. І тым самым, станоўча будзе вырашацца пытанне забяспечанасці кваліфікаванымі кадрамі розных падраздзяленняў лясной гаспадаркі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

