На сто балаў! Запаветныя сто балаў на рахунку выпускніцы СШ № 2 г. Ляхавічы

Запаветныя сто балаў на рахунку выпускніцы СШ № 2 Паліны Зубарык! Такую адзнаку яна атрымала на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове. А да гэтага яна зарабіла 98 балаў на цэнтралізаваным экзамене па беларускай мове.

Вынік ЦЭ па матэматыцы таксама з разраду высокіх, і, дзякуючы яму, наша зямлячка змагла павысіць гадавую адзнаку з дзявяткі да дзясяткі.
Мама стабальніцы Галіна прызнаецца, што верыла ў поспех дочкі, якая падрыхтоўцы да экзаменаў аддавала практычна ўвесь вольны час. Сама Паліна падзеі адзначае, што рэцэпт яе поспеху – праца, настойлівасць і стараннасць, а яшчэ падтрымка сям’і.
Па роднай мове Паліна – алімпіядніца са стажам. Сёння яна з веданнем справы сцвярджае, што падрыхтоўка і ўдзел у алімпіядным руху, у якім яна з трэцяга класа, – добры задзел для выпускных экзаменаў. А яшчэ даследчыя канферэнцыі, у якіх яна таксама мае важкія вынікі. Так, мінулай восенню на рэспубліканскай канферэнцыі даследчая работа «Мянушкі вёскі Свяціца» прынесла ёй дыплом II ступені (кіраўнік – настаўнік беларускай мовы Наталля
Рахманец). У 11 класе Паліна ва ўніверсітэцкай алімпіядзе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна заваявала дыплом Ш ступені. І сёння яна можа без экзаменаў быць залічанай у гэту ВНУ. Але ўладальніца максімальнага бала марыць звязаць сваё прафесіянальнае жыццё з эканомікай. Паліна – навучэнка ваенна-патрыятычнага класа, але часта падтрымлівала на конкурсах каманду з педкласа. На абласным конкурсе яна на беларускай мове расказала пра сваю школу праз 30 гадоў, і выступленне атрымала максімальныя балы. А падрыхтавалі яго настаўніцы Вольга Толкач і Вераніка Кумейша. Сваёй любоўю да беларускай мовы Паліна абавязана бабулі і дзядулі, з вуснаў якіх яна гучыць мілагучна і прыгожа. А яшчэ вельмі ўдзячна настаўніцы бедарускай мовы і літаратуры Ганне Еўхач.
Ста баламі па англійскай мове дзяўчына пацвердзіла, што і чужая мова можа быць зразумелай і даступнай – калі пастарацца. Ёй цікава было глядзець замежныя фільмы, гуляць у гульні і разумець іх у роднай агучцы. Праўда, спачатку сяброўства з англійскай мовай атрымлівалася не вельмі. Але крок за крокам усё атрымалася. У старэйшых класах Паліна займалася ў профільным класе з павышаным вывучэннем англійскай мовы і матэматыкі. Для максімальнага бала на ЦТ, па перакананні стабальніцы, патрабуюцца і факультатыўныя заняткі, і самападрыхтоўка, а таксама заняткі з рэпетытарам. Вялікі плюс даюць рэпетыцыйныя экзамены. Яны – гэта ўпэўненасць і адсутнасць хвалявання на ЦЭ.
Па словах педагогаў СШ № 2, Паліна – дзяўчына мэтанакіраваная і адказная, прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы і раёна. На раённым балі выпускнікоў ёй уручана спецыяльная статуэтка за актыўную жыццёвую пазіцыю.

– Сёння можам з упэўненасцю гаварыць пра тое, што ўзровень падрыхтаванасці нашых школьнікаў з кожным годам павялічваецца. Прыемна, калі нашы выпускнікі здаюць экзамены на павышаныя балы, а медалісты пацвярджаюць свае адзнакі.
Сёлета ў раёне няма нулявых балаў – і гэта таксама вынік. На высокі вынік на цэнтралізаваным экзамене і тэсціраванні працуе і іх рэпетыцыя, арганізацыя школьных факультатываў, профіляў, стымулюючых заняткаў і, канешне, асабістая закіўленасць выпускнікоў. Вялікі бонус і абавязковыя ўмовы для паспяховай здачы выпускных экзаменаў – веды і дапамога вопытных педагогаў, а таксама падтрымка бацькоў. Канешне, упэўненасць выпускніка ў сваіх сілах, зацікаўленасць у дасягненні найвышэйшага бала, – падкрэслівае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.