Загадчык Навасёлкаўскага СДК: «Ляхавіччына – цудоўны культурны край»

Таццяна ПІШЧ, загадчык Навасёлкаўскага СДК:
– Ляхавіччына – цудоўны культурны край, дзе ў пашане народныя традыцыі, творчасць. Ганаруся сваімі землякамі – працавітымі, гасціннымі. Талакой нам любая справа па сілах. Як дэпутат раённага Савета дэпутатаў, стараста Навасёлак, разам са сваімі землякамі арганізоўваем суботнікі і наводзім парадак у сваім
агульным доме. Удзячна землякам і за тое, што яны даверылі
мне прадстаўляць іх інтарэсы на Усебеларускім народным сходзе.
На якой бы сцэне ні выступаў народны ансамбль песні і гумару
«Вечарніца» – у сельскім клубе ці на тэлевізійнай перадачы – заўжды з гонарам успамінаем сваю малую радзіму – Ляхавіччыну. Калі была ўдастоена гонару прадстаўляць Беларусь на расійскім тэлевізійным шоу «Поле цудаў», то, канешне, не магла не расказаць пра Ляхавічы і ляхавічан. Я ляхавічанка, і гэтым ганаруся.

Для тых, хто нарадзіўся ў прыгожым нашым краі, Ляхавіччына – малая радзіма. Нямала хто лічыць Ляхавіцкі раён сваёй другой радзімай. Сярод іх тыя, хто прыехаў вучыцца ці на першае працоўнае месца, знайшоў сваю другую палавінку і стварыў тут сям’ю, прыехаў пагасцяваць да знаёмых і застаўся… Усе мы – землякі, жыхары аднаго раёна, які адзначае 85-гадовы юбілей. Якой бачаць Ляхавіччыну яе жыхары – тэма чарговага апытання «ЛВ».