Заканатворчасць і дабрачыннасць. На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Георгій Хлябовіч сустракаўся з выбаршчыкамі Ляхавіцкага раёна
На мінулым тыдні ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе Георгія Хлябовіча склаўся даволі насычаны графік работы.
У прыватнасці, з выбаршчыкамі Ляхавіцкага раёна парламентарый сустракаўся на працягу двух дзён і пабываў у розных арганізацыях і на прадпрыемствах, а таксама паўдзельнічаў у раённым сходзе гаспадарчага актыву.

У сераду Георгій Хлябовіч сустрэўся з калектывам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Размова, у тым ліку, ішла пра тое, які стваральны шлях прайшла Беларусь за апошнія тры дзесяцігоддзі, як з кожным годам да лепшага мянялася жыццё ў рэгіёнах, развіваліся эканоміка і сацыяльная сферы, пакараліся новыя спартыўныя вяршыні і дасягаліся творчыя перамогі. Электаральная кампанія, сацыяльна-эканамічнае развіццё Брэстчыны ў 2024 годзе і задачы на сёлета – таксама сярод тэм дыялогу. Дэпутат Парламента адказаў на пытанні работнікаў санітарнай службы.
Па двух адрасах Георгій Хлябовіч сумесна са старшынёй раённага
Савета дэпутатаў Юрыем Чаранкевічам працаваў у Альхоўцах. У межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» дэпутат Парламента і кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна павіншавалі з навагоднімі і каляднымі святамі пацыентаў Альхоўскай бальніцы сястрынскага догляду. Зараз тут жывуць, атрымліваюць неабходнае
лячэнне, догляд 17 жыхароў раёна ва ўзросце ад 55 да 92 гадоў. Георгій Хлябовіч пацікавіўся ўмовамі знаходжання, харчавання, аказаннем медыцынскай дапамогі. Тутэйшыя пастаяльцы расказалі пра клопат,
якім ахоплены, выдатнае харчаванне і добразычлівы персанал.
Потым адбылася сустрэча з работнікамі бальніцы сястрынскага
догляду. Наколькі важны ўдзел кожнага грамадзяніна краіны ў кампаніі па выбарах Прэзідэнта, як праходзіць заканатворчая
дэпутацкая дзейнасць – асноўныя тэмы, узнятыя падчас дыялогу.
16 студзеня Георгій Хлябовіч разам са старшынёй райсавета дэпутатаў Юрыем Чаранкевічам прадоўжыў работу на Ляхавіччыне. Разнапланавы дыялог разгарнуўся падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў і калектывамі работнікаў аблбальніцы «Крывошын» і Крывошынскага сацыяльнага пансіяната «Рэпіхава». Былі ўзняты тэмы выбараў Прэзідэнта Беларусі, асноўных этапаў электаральнай кампаніі.
А ў пансіянаце парламентарый далучыўся да акцыі «Ад усёй душы» і ўручыў падарунак тутэйшым жыльцам. Разнастайныя пытанні парадку дня ўзняты і ў Галаўнінцах на сходзе грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, у якім прыняў удзел і Георгій Хлябовіч.
Галіна КАНЬКО.

