Спорт без выключэнняў. У ДЮСШ прайшлі спаборніцтвы, прымеркаваныя да Дня інвалідаў

У ДЮСШ 10 снежня прайшлі спаборніцтвы, прымеркаваныя да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Арганізатарамі спартыўнай сустрэчы выступілі раённы фізкультурна-спартыўны клуб і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва
У мерапрыемстве з сімвалічнай назвай «Людзі роўных магчымасцяў» прынялі ўдзел наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН.
Нашы землякі з азартам уключыліся ў барацьбу ў індывідуальным заліку ў дартсе, рыбалцы, корн-холе, баскетболе, гульні ў гарадкі, боўлінгу і г. д. І ў чарговы раз яны даказалі, што спорт аб’ядноўвае, а сіла духу не ведае фізічных абмежаванняў. Па выніках усіх спартыўных выпрабаванняў першае месца заваявала Валерыя Філонава, на другім месцы – Дзмітрый Булаты, бронза – у Галіны Малевіч. Пераможцы спаборніцтва па традыцыі адзначаны граматамі, таксама для ўсіх удзельнікаў прадугледжаны і салодкія сюрпрызы.
– Сіла – у духу, перамога – ва ўдзеле. Нягледзячы на вызначэнне тройкі лепшых, усё ж такі ў гэтых спаборніцтвах кожны – чэмпіён свайго лёсу. Такія мерапрыемствы – важны крок да стварэння па-сапраўднаму інклюзіўнага грамадства, дзе кожны, незалежна ад сваіх фізічных магчымасцяў, адчувае сябе паўнапраўным удзельнікам спартыўнага жыцця, – адзначае выконваючы абавязкі старшыні Ляхавіцкага ФСК Уладзімір Бяшэйка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

