Мікалай ГЕРАСІМОВІЧ, вядучы аграном ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»

Мікалай ГЕРАСІМОВІЧ, вядучы аграном ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»:

– Адна з задач праграмы «АПК будучыні» гучыць так: «Устойлівае развіццё льняной галіны» з упорам на вытворчасць ільнотрасты сярэднім нумарам 1,1.
1,1 – гэта ў значнай ступені пра якасць канчатковага прадукту льнопалёў.
Якасць фарміруецца ў тым ліку на ўраджайнасці палеткаў. Напрыклад, нейкі працэнт раслін у льнорулонным зборы павінен мець адпаведную даўжыню. Яшчэ нумар трасты залежыць ад яе колеру, працэнта засмечанасці, вільготнасці, пашкоджанасці, наколькі сцёблы сартаваны з пазіцыі карэньчыкі да карэньчыкаў, а вяршкі да вяршкоў, іншага. Дасягнуць на трасце нумара 1,1 дастаткова няпроста. Аднак магчыма. Галоўнае, дакладна вытрымаць увесь ланцужок вытворчасці, які ў льну-даўгунцу адрозніваецца дастатковай разнастайнасцю і працягласцю па часе. Не заканчваецца на аперацыі цераблення. Важнейшая роля адводзіцца этапам вылежкі, абарочвання, прасавання ў рулоны і іх уборкі. І хоць спасылкі на стан надвор’я не прымаюцца да ўвагі, для льнаводаў гэты момант мае значэнне як на этапе вырошчвання, так і ў ходзе вылежвання і ўборкі. Па выніках нарыхтоўчага сезона – 2025 сярэдні нумар нашай ільнотрасты склаў адзінку. Але ж былі палі ці ўчасткі палёў, з якіх мы сабралі трасту за нумарамі 1,1, і 1,2. Месцамі атрымлівалася падняцца да 1,25. Адной з прычын, чаму сярэдняя лічба якасці нашай трасты сфарміравалася вакол лічбы 1, з’яўляецца вялікая доля палегласці нашых льнопалёў.
І не проста, значная іх частка была пакручана-перакручана, месцамі паспела прарасці пустазеллем.
У такой сітуацыі, напрыклад, пакласці карэньчыкі да карэньчыкаў няпроста. Хоць і імкнуліся працаваць якасна на кожнай з аперацый.