Што паказала праверка? На пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама разгледжаны вынікі праверкі выканання бюджэтнага заканадаўства
У мінулы панядзелак на пазачарговым пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама разгледжаны вынікі праверкі выканання бюджэтнага заканадаўства, праведзенай у верасні бягучага года галоўным упраўленнем Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці сумесна з галоўным фінансавым упраўленнем Брэсцкага аблвыканкама і фінансавым аддзелам Ляхавіцкага райвыканкама. Праверкай ахоплены бюджэтныя ўстановы раёна – Ляхавіцкая райбальніца, Ляхавіцкая райветстанцыя, дзяржорганы – Ляхавіцкі райвыканкам, аддзел па адукацыі, фінансавы аддзел, сектар культуры райвыканкама, прадпрыемства камунальнай уласнасці – КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Па выніках праверкі ўстаноўлены парушэнні на агульную суму 324,1 тысячы рублёў, прадухілена незаконнае атрыманне, выкарыстанне не па мэтавым прызначэнні або з парушэннем заканадаўства бюджэтных і іншых дзяржаўных сродкаў на суму 22 тысячы рублёў.
З агульнай сумы выяўленых парушэнняў расходы на звышлімітнае забеспячэнне ставак склалі 149,4 тысячы рублёў або 46,1 працэнта агульнай сумы парушэнняў, залішняя аплата працы – 69,8 тысячы рублёў (21,5 працэнта), залішняя аплата работ па добраўпарадкаванні – 77 тысяч рублёў (23,8 працэнта), аплата расходаў не па ўстаноўленым параграфе бюджэтнай класіфікацыі – 12,7 тысячы рублёў, не спагнанне з арандатараў і пазыкаатрымальнікаў аказаных паслуг у лік кампенсацыі расходаў дзяржавы – 9,8 тысячы рублёў, аплата завышанага кошту будаўніча-мантажных работ – 5,1 тысячы рублёў, незаконнае спісанне паліва – 0,2 тысячы рублёў, залішняя аплата камандзіровачных расходаў – 0,1 тысячы рублёў.
Прынятымі мерамі выяўленыя ў ходзе праверак сумы незаконна атрыманых і выкарыстаных з парушэннем бюджэтнага заканадаўства бюджэтных сродкаў кампенсаваны ў поўным аб’ёме. Дадаткова паступіла плацяжоў і іншых належных бюджэту сумаў 51,6 тысячы рублёў. Матэрыялы праверак разгледжаны ў працоўных калектывах, 20 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
На пасяджэнні райвыканкама кіраўнікам правераных устаноў указана на недастаткова праводзімую работу па выкананні фінансавай дысцыпліны, забеспячэнні эканомнага і рацыя-
нальнага расходавання бюджэтных сродкаў і даручана пад асабісты кантроль узяць пытанні выканання бюджэтнага заканадаўства, за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, у тым ліку ў частцы планавання расходаў на чарговы фінансавы год зыходзячы з абгрунтаванай патрэбнасці.
Ірына СТРАМАВУС,
начальнік фінансавага аддзела райвыканкама.

