Фармат – знаёмы, пытанні – новыя. Прыклад канструктыўнага дыялогу – сход грамадзян у Задвор’і, які тэматычна аб’яднаў жыхароў Альхоўскага сельсавета
Кожны сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння – пацвярджэнне, што нашым землякам не абыякавы праблемы свайго рэгіёна. Як паказвае практыка апошніх гадоў, жадаючых выказаць прапанову, заўвагу, падзяліцца меркаваннем наконт той ці іншай мясцовай сітуацыі і не толькі – шмат. Прыклад канструктыўнага дыялогу – сход грамадзян у Задвор’і, які тэматычна аб’яднаў жыхароў Альхоўскага сельсавета.

Сцэнарый сустрэчы – выпрацаваны, а вось пытанні ў параўнанні з мінулым годам – новыя! І гэта не можа не радаваць, практыка сходаў дае свой плён. Амаль усе прапановы, што былі агучаны ў мінулым годзе, выкананы. Адно, і што вельмі важна, закранае пытанні бяспекі руху, застаецца адкрытым. Але пра ўсё па парадку.
Станоўча вырашылася пытанне асвятлення. У 2024 годзе выкананы работы па замене 84 свяцільняў на святлодыёдныя, энергазберагальныя на суму больш за
16 тысяч рублёў. Часткова заменены свяцільні і ў вёсцы Задвор’е. Шмат пытанняў у мінулым годзе было знята ў сувязі з завяршэннем рэканструкцыі водаправода ў Малым Гарадзішчы. Менавіта населены пункт Марынова стаў цэнтрам патрыятычнай увагі. Там завершаны першы этап узвядзення памятнага знака спаленым вёскам раёна.
– Вельмі важна, што грамадзянская ініцыятыва знай-
шла адлюстраванне ў такім сімвалічным аб’екце. Памяць –
непахісна! На працягу года на гэтым месцы шчыравалі моладзь, кіраўніцтва і дэпутаты райсавета, прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў, нераўнадушныя землякі. Аднавілі воінскія пахаванні таксама ў Вольцы і Вадзяціне, – адзначыў старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак.
Хапае планаў на 2025 год. Канешне, акцэнт на далейшае добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Па гэтым напрамку ў жыхароў Задвор’я пытанняў і прапаноў было дастаткова.
Адно з набалелых – магчымасць устаноўкі пешаходнай дарожкі па Задвор’і ўздоўж цэнтральнай дарогі «Ляхавічы – Свяціца». Асабліва ў непагадзь ісці па ўскрайку немагчыма, жыхарам даводзіцца рухацца па праезнай частцы. А гэта небяспечна! Узнялі вяскоўцы і пытанне ўладкавання яшчэ аднаго пешаходнага перахода.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што марнаваць з вырашэннем нельга. Даручыў вызначыць адказную арганазіцыю – ДРБУ-200 ці камунгас, вывучыць сітуацыю і прыступіць да работ. Бяспекай грэбаваць нельга!
Хвалюе жыхароў і ўтрыманне ў належным стане вясковых могілак. Як адзначыла вяскоўка, кожны чалавек імкнецца пахаванні сваякоў своечасова прыбіраць, трымаць у парадку. На жаль, гэту карціну псуе сітуацыя вакол. Справа ў тым, што на тэрыторыі могілак ёсць тры кар’еры, вясной там буяе кустоўе, якое камунгас рэгулярна высякае. Аднак можна было б гэтага і пазбегнуць, калі б было магчымым іх засыпаць і зараўняць ранняй вясной. На прапанову старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча талакой далучыцца да такой справы і агульнымі намаганнямі сітуацыю выправіць – вяскоўцы пагадзіліся. Тэхніка знойдзецца! Пытанне адрасавана на аловак намесніку старшыні райвыканкама Аляксею Галяку.
У аб’яўлены Прэзідэнтам Год добраўпарадкавання хочацца прыкласці яшчэ больш намаганняў, каб населены пункт зазіхацеў ад чысціні. Таму прапаноў на гэты конт хапала. Каля дома № 1 па вуліцы Цэнтральнай у Задвор’і падсыпкі чакае прыдамавая тэрыторыя –
ні прайсці ні праехаць! Увогуле пасля капітальнага рамонту больш за дзесяць гадоў назад тэрыторыя вакол дома чакае гаспадарчага падыходу – без зацікаўленых службаў не абысціся: жыхары адзначылі, што хацелася б выразаць трубы, што не эксплуатуюцца, прыбраць старую агароджу і іншае. Хацелася б, каб і кляновы парк
побач выглядаў больш прывабным. Папрасілі жыльцы дома № 3 па той жа вуліцы вывучыць магчымасць устаноўкі ліхтара каля дома. Маўляў, ноччу тэрыторыя вакол не асвятляецца. Прагучала падчас сходу і пытанне да якасці медабслугоўвання.
Не задавальняюць сяльчан чарга і час чакання, каб прайсці УГД сэрца і холтараўскае манітарыраванне.
Да старшыні праўлення райпо Васілія Некрашэвіча гучалі толькі падзякі: «Усё добра!»
– А будзе яшчэ лепш, – адзначыў Васілій Некрашэвіч. – Справа ў тым, што ў мясцовы магазін у гэтым годзе прыйдзе рамонт – гандлёвая кропка будзе выглядаць яшчэ сучасней, папрацуем і над пашырэннем унутрыгрупавога асартыменту.
Лепш стаць удзельнікам прафілактычнай гутаркі, чым ахвярай кіберзлачынства ці пажару. На гэта і звярталі ўвагу спікеры, якія падзяліліся простымі спосабамі абароны сябе ад рознай небяспекі.
– Прыемна, што ў жыхароў пытанняў шмат. Адны пазітыўна вырашаюцца, новыя – узнікаюць. Значыць, тут жыццё наладжана! Людзі хочуць бачыць сваю вёску ці аграгарадок чыстымі, утульнымі, дзе хочацца жыць, ствараць сем’і і чакаць унукаў. А ці не гэта і ёсць патрыёты, якія шчыра, усім сэрцам любяць родны куток. Сёння з любой прапановай і заўвагай можна звярнуцца да любога кіраўніка на прамую лінію, прыйсці ў час прыёму грамадзян, у райвыканкаме кожную суботу працуе прамая лінія кіраўніцтва раёна. Вас заўжды выслухаюць, – адзначыў Мікалай Мароз.
З абраннікамі на сходзе сустрэўся і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Георгій Хлябовіч. Ён нагадаў, што зараз краіна перажывае важнейшую падзею 2025 года – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нераўнадушша і клопат пра Радзіму – гэта і ўдзел у электаральнай кампаніі. Важна зберагчы тое, што няпроста дасягнулі беларусы ў штодзённым жыцці. А за гэтым стаіць адказны
выбар!
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

