Новы ход жывёлагадоўлі. Мінулы год для жывёлагадоўчай галіны Ляхавіччыны склаўся па-новаму: павялічыліся валавая вытворчасць малака і ўдой на карову
Мінулы год для жывёлагадоўчай галіны раёна склаўся па-новаму: павялічыліся валавая вытворчасць малака і ўдой на карову. А сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме за 12 месяцаў прыбавілі больш за 100 грамаў. Уведзены ў строй шэраг новых і глыбока абноўленых старых памяшканняў для ўтрымання жывёлы. І будоўля працягваецца – ужо ў гэтым годзе чакаецца пуск у дзеянне новых аб’ектаў.

Жывёлагадоўчая інфраструктура Ляхавіччыны паступова набывае новае аблічча. Работнікі фермаў і комплексаў асвойваюць новыя ўмовы працы, калі і душавая кабіна, і паслугі пральнай машыны, і пакой для прыёму ежы з’яўляюцца абавязковай часткай вытворчых комплексаў, абсталяваны ўсім неабходным у адпаведнасці са сваім прызначэннем. Адным словам, усё для людзей, на якіх, у першую чаргу, і трымаецца вытворчы працэс і ад якіх залежыць поспех.
Калі прадоўжыць пра поспех, то неабходна ўзгадаць і работу сельгаспрадпрыемстваў над паляпшэннем корма-нарыхтоўчай базы. Напрыклад, пра той факт, наколькі за апошні час павялічыўся ў раёне клін пасеваў люцэрны. Высокапратэінавая і дас-таткова ўраджайная культура, здольная на працягу аднаго раслінаводчага сезона даваць па чатыры ўраджаі.
Але колькасць закладзеных гаспадаркамі травяністых кармоў уласнага прыгатавання цесна звязана з якаснымі характарыстыкамі апошняга. І хоць нельга сказаць, што якасць сенажу – сіласу ў кармавых траншэях сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны заслугоўвае выключна добрай ацэнкі, бясспрэчным з’яўляецца і той факт, што ў цэлым якасць спажывецкіх кар-моў за апошні час адчувальна палепшылася.
Думаецца, станоўчая роля ў павышэнні прадук-цыйнасці работы раённай жывёлагадоўлі належыць і кукурузе. У прыватнасці, зерню, якое некаторыя сельгаспрадпрыемствы пусцілі на сырое плюшчэнне, закладванне ў поліэтыленавыя кармавыя рукавы.
За мінулы год усе сем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна падняліся ў валавой вытворчасці малака. Сярэдняя лічба ўзрасла прыкладна на паўтара дзясятка працэнтаў у параўнанні з тым жа леташнім перыядам. Хоць і па-рознаму пас-
пяхова, але «плюсанулі» ўсе. Найлепшых тэмпаў гадавога росту дасягнула СУП «Ліпнянка», дзе валавая вытворчасць малака на працягу 12 месяцаў павялічылася больш як удвая. У СВК «Ляхавіцкі» вал вытворчасці малака за год вырас на 12 працэнтаў. Магчыма, хтосьці скажа – ўсяго-та… Але ж гэта прыбаўка да і без таго самай высокай у раёне ўдойнай базы. Па выніках 2024 года ад кожнай каровы «Ляхавіцкі» атрымаў больш за 9 200 кілаграмаў малака. Здаецца, у грамадскай жывёлагадоўлі раёна падобнае адбылося ўпершыню.
І гэта разам з тым, што жывёлагадоўля гаспадаркі дэманструе стабільнасць і дынамізм па большасці іншых ключавых паказ-чыкаў сваёй работы: якасці рэалізаванага на перапрацоўку малака і прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы. А сярэднясутачныя прывагі БРЖ на працягу апошняга часу застаюцца арыенцірам для ўсіх іншых ляхавіцкіх сельгасвытворцаў.
Летась у пагоню за сярэднясутачнымі прыва-гамі СВК «Ляхавіцкі» актыўна ўключылася ААТ «Жарабковічы». Да сваіх сціплых базавых значэнняў «Жарабковічы» на працягу мінулага года нязменна прыбаўлялі і прыбаўлялі. І, як вынік, выйшлі па завяршэнні 2024 года на паказчык сярэднясутачных прываг, роўны 735 грамаў на кожную жывёлу. Але ж іменна за «Ляхавіцкім» застаецца раённае лідарства.
Найбольшую дынаміку па паказчыку ўдойнасці сярэдняй каровы ў 2024 годзе паказала жывёлагадоўля ААТ «Шлях новы». За
12 месяцаў прадукцыйнасць кожнай каровы ў гаспадарцы павысілася амаль на 900 кілаграмаў.
Неабходна адзначыць і факт адраджэння жывёла-гадоўлі ў вёсцы Залужжа. СУП «Ліпнянка», якая зараз гаспадарыць на гэтых землях, адрамантавала асобныя будынкі колішняй залужскай фермы, некаторыя аб’екты пабудаваны наноў. Атрымалася ферма па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. У вёску вярнулася вытворчае жыццё.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.




