Сустракай нас, школа! 1 лютага гасцінна і радасна расчынілі дзверы для сваіх выпускнікоў школы Ляхавіччыны
Да чаго ж яна шчырая, чаканая і непаўторная – першая субота лютага. Стала добрай традыцыяй менавіта ў гэты дзень ладзіць у гарадскіх і сельскіх школах вечары сустрэчы. І сёлета 1 лютага гасцінна і радасна расчынілі дзверы для сваіх выпускнікоў школы Ляхавіччыны.
Што ні навучальная ўстанова – свае гісторыі і традыцыі такіх вечароў, у кожнай школы ўласны сцэнарый вечара сустрэчы. Ёсць і агульнае – ні з чым не параўнальная атмасфера адкрытасці, весялосці, радасці, успамінаў, цёплых абдымкаў і натхнення, шчырых усмешак, кветак і падарункаў. Як жа гэта цудоўна – зноў пасядзець за школьнай партай, удосталь пасмяяцца над кур’ёзнымі выпадкамі, адчуць рамантыку школьных будняў і хоць на імгненне вярнуцца ў бесклапотную краіну дзяцінства. Пра папулярнасць вечароў сустрэчы школьных сяброў гаворыць і тое, што «ЛВ» атрымаў больш за сотню фотафактаў з мерапрыемстваў з розных школ. А колькасць праглядаў са справаздач вечароў сустрэч у сацыяльных сетках і на інтэрнэт-прасторы, што называецца, зашкальвае.

– Мы сябруем вось ужо 36 гадоў, як толькі сталі першакласнікамі Ліпскай СШ. Наш выпуск 2000 года быў вялікім – у двух 11-х класах 32 чалавекі. Але мы ніколі не дзяліліся на «А» і «Б» – заўжды былі адным цэлым. І потым пасля школы падтрымлівалі сувязь, дапамагалі адзін аднаму. Сёлета на 25-гадовы юбілей выпуску сабраліся 14 чалавек. Побач нашы класныя кіраўнікі – Юрый Сельмановіч, Таццяна Праневіч, Аляксандр Кірмель. Дзякуй, родная Ліпская школа, за
сустрэчу з дзяцінствам і юнацтвам, – адзначае ляхавічанін Сяргей Памазанскі.
У гімназіі сярод юбіляраў – выпускнікі 1995, 2000, 2005, 2010, 2020 гадоў і, канешне, самыя маладыя – мінулага года. У СШ № 1 для юбілейных выпускаў падрыхтавалі фотазону са здымкамі розных гадоў і атрыбутыкай тых часоў. Сярод 16 выпускнікоў 2015 года Крывошынскай СШ трое закончылі школу з залатым медалём. І ўсе трое прыехалі на сустрэчу з дзяцінствам.
Колькі цікавых школьных старонак перагорнута на сустрэчы выпускнікоў Начаўскай СШ. Хоць Падлеская школа цяпер мае статус базавай, але з году ў год сюды спяшаюцца колішнія выпускнікі. І ў гэту лютаўскую суботу тут было шматлюдна.
Цяперашнія вучні і настаўнікі падрыхтавалі цудоўную праграму, не сумаваў ніхто. Акунуцца ў школьныя ўспаміны дапамогуць інтэрнэт-рэсурсы «ЛВ». Зазірніце, і ўсплёск станоўчых эмоцый вам
забяспечаны!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і з тэлеграм-каналаў школьных газет.




