ЗАТ «Белпрампрыбор». Малочна-кармавы тон

ЗАТ «Белпрампрыбор» традыцыйна задае тон у корманарыхтоўках і малочнай галіне. І першае месца сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна ў штогадовым спаборніцтве таму пацвярджэнне. Як і занясенне калектыву МТФ «Галаўнінцы» на раённую Галерэю славы па выніках работы за мінулы год.

Намеснік дырэктара Святлана Рабцэвіч.

На ўмоўную галаву жывёлы ў «Белпрампрыборы» сёлета нарыхтавалі
46 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў. У гаспадарцы нарыхтоўваюць 85,1 кармавой адзінкі травяных кармоў з аднаго бала-гектара.

Механізатар Аляксандр Дубіна.


Традыцыйна зялёны далікатэс для рагуль сельгаспрадпрыемства «ўпакоўвае» ў палімерную плёнку ў рулоны і рукавы. Сёлета для сезоннага меню ў рулоны пайшоў і кукурузны сілас – больш за 5 200 тон. Усяго ж   гэтага спажыўнага корму 16 тысяч тон.
Такі клопат пра рацыён статка адпаведна адбіваецца на якасці малака і надоях. За 10 месяцаў на карову ў гаспадарцы надаілі 6 900 кілаграмаў, прычым малако здаюць пераважна экстра і вышэйшым гатункамі.
Сярод аператараў машыннага даення вызначаецца Ала Казлоўская з МТФ «Бенькаўцы», якая надаіла на адну карову за дзевяць месяцаў 5 684 кілаграмы малака. Каторы год загадвае фермай вопытная і нераўнадушная Надзея Патапчык. На МТФ «Галаўнінцы» шчыруе Жанна Собаль, якая летась была па надоях у перадавіках у раёне. Стараецца не адставаць ад калегі і Таццяна Зубік.
Намеснік дырэктара Святлана Рабцэвіч адказвае за малако і прывагі, іншыя працоўныя моманты і з імі спраўляецца на ўсе сто, як і начальнік вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі Аляксандр Рабцэвіч, падкрэслівае кіраўніцтва прадпрыемства. Дарэчы, сямейны падрад толькі плюс у працы – у мужа і жонкі адна тэма інтарэсу. Дарэчы, 12 лістапада юбілейны дзень нараджэння адзначыла Святлана Мікалаеўна, а 6 лістапада – Аляксандр Пятровіч. 8 лістапада 70-гадовы юбілей святкаваў заатэхнік Уладзімір Мароз – адзін з аксакалаў «Белпрампрыбора».
Высока ацэнены працоўныя заслугі аднаго з лепшых трактарыстаў-машыністаў гаспадаркі Аляксандра Дубіны, які да прафесійнага свята ўзнагароджаны Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў.
Прозвішча і фотаздымкі механізатара Віктара Зубіка не раз упрыгожвалі старонкі «ЛВ», калі ён пачынаў пасяўную, а пасля быў сярод перадавікоў уборачнай кампаніі. На адвозцы зерня ў жніво вызначаўся вадзіцель Мікалай Бярэзіч, а на адвозцы кармоў – вадзіцелі Аляксандр Бублеўскі і Аляксей Кулак.
Ганаровай граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнанароджаны намеснік
дырэктара ЗАТ «Белпрампрыбор» Андрэй Вараб’ёў.
Падзячнае пісьмо абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК накіравана трактарысту-машыністу Васілію Равяку. Расказ пра «Белпрампрыбор» быў бы няпоўным, калі б не ўзгадаць асобу галоўнага эканаміста Жанны Дзенісеня, якая некалі прыйшла сюды бухгалтарам і вось ужо амаль два дзесяцігоддзі з дэталёвай пунктуальнасцю валодае ўсімі лічбавымі паказчыкамі прадпрыемства.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.