Яшчур БРЖ. Памятка
Мінсельгасхарч Беларусі паведамляе, што, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя жывёл, 10 студзеня 2025 года ў Германіі ў прыватным сектары зарэгістравана ўспышка яшчуру ў буйвалаў.
Сітуацыя з распаўсюджваннем яшчуру ў свеце застаецца напружанай. У 2024 годзе, па інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя жывёл, выпадкі захворвання жывёл яшчурам устаноўлены ў Турцыі, Кітаі, Іраку, Катары, Саудаўскай Аравіі, Егіпце, Лівіі, ЮАР, Нігерыі, Тунісе, у 2025 годзе – у Ізраілі.
На тэрыторыі нашай краіны яшчуру няма ўжо каля трыццаці гадоў. Але для прафілактыкі і ў мэтах недапушчэння заносу і распаўсюджвання яшчуру на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь пра гэту хваробу неабходна ведаць.
Яшчур – вірусная хвароба свойскіх і парнакапытных жывёл, якая
востра працякае, характарызуецца ліхаманкай і афтознымі паражэннямі слізістай абалонкі ротавай поласці, скуры вымя і канечнасцей.
Узбуджальнік яшчуру – вірус, не ўстойлівы да высокіх тэмператур (хутка гіне пры награванні да 60 градусаў), уздзеянняў УФ-прамянёў і звычайных дэзынфіцыруючых рэчываў. Асабліва спрыяльнымі ўмовамі для захавання віруса ў навакольным асяроддзі з’яўляюцца нізкая тэмпература, павышаная вільготнасць і нейтральнае асяроддзе аб’ектаў.
Часцей за ўсё хварэюць буйная рагатая жывёла і свінні. Меньш успрымальныя авечкі, козы і дзікія парнакапытныя. Маладыя жывёлы больш успрымальныя і хварэюць цяжэй, чым дарослыя. Захварэць яшчурам могуць і людзі.
Асноўны шлях інфіцыравання людзей – праз сырое малако
хворых жывёл і прадукты яго перапрацоўкі, радзей праз мяса. У асоб, якія непасрэдна кантактуюць з хворымі жывёламі, магчыма перадача інфекцыі пры даенні, доглядзе, лячэнні, забоі, паветрана-кропельным шляхам, а таксама праз прадметы, забруджаныя іх выдзяленнямі. Ад чалавека да чалавека інфекцыя не перадаецца.
Пра ўсе выпадкі выяўлення жывёл з падазрэннем на яшчур (афтозна-язвавыя ўтварэнні на слізістых абалонках языка, губ, дзёснаў, афты ў міжкапытных шчылінах, на скуры вымя) неабходна неадкладна паведамляць у раённую ветэрынарную станцыю па тэлефонах 2-13-49, 6-07-44.
У мэтах прадухілення заносу віруса яшчуру неабходна выконваць патрабаванні ветэрынарна-санітарных і заагігіенічных правілаў па кармленні, утрыманні, выкарыстанні жывёл і іх догляду; сістэматычна праводзіць дэратызацыю і дэзынсекцыю.
Усіх набытых жывёл трэба рэгістраваць у органах ветэрынарнай
службы і сельскіх выканаўчых камітэтах, ажыццяўляць пастаноўку жывёл на ўлік у ветэрынарнай службе для атрымання ідэнтыфікацыйных бірак. У выпадку адсутнасці бірак і рэгістрацыі жывёл правядзенне дыягнастычных даследаванняў і продаж сельгаспрадукцыі будуць забаронены.
Неабходна карантынаваць на працягу 30 дзён усіх набытых
жывёл для правядзення ветэрынарных даследаванняў.
Набываць жывёл і прадукцыю жывёльнага паходжання ў месцах несанкцыянаванага гандлю без ветэрынарных суправаджальных дакументаў забараняецца.
Прафілактыка яшчуру ў чалавека заключаецца ў выкананні мер асабістай перасцярогі ў ачагу і санітарна-ветэрынарных мерапрыемствах (пры даенні, доглядзе, лячэнні, забоі, пры выкарыстанні інвентару і прадметаў, забруджаны
выдзяленнямі хворых жывёл).
Абавязковы пастэрызацыя і кіпячэнне малака, прыгатаванне масла з апрацаваных вяршкоў, а таксама дасканалае выкананне мер бяспекі пры доглядзе хворых жывёл і магчымым кантакце з імі.
Павел ХЕВУК,
галоўны ветэрынарны ўрач Ляхавіцкага раёна.

