Тальмінавіцкі дыялог на хвалюючыя тэмы. Жыхары розных населеных пунктаў Ганчароўскага сельсавета сабраліся на сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

Вечарам 4 лютага ў Тальмінавіцкім СДК было шматлюдна. Жыхары розных населеных пунктаў Ганчароўскага сельсавета сабраліся
на сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння.

Па традыцыі на такія мерапрыемствы, што ладзяцца ў раёне пяты год запар у студзені – лютым, прыязджае прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе кіраўніцтва Ляхавіччыны, прадстаўнікоў службаў і арганізацый, якія забяспечваюць бяспеку жыццядзейнасці насельніцтва і самыя запатрабаваныя і неабходныя аграгараджанам і вяскоўцам паслугі.
Па зацікаўленасці людзей, запоўненай зале, размовах, што вяліся яшчэ да сустрэчы, было відавочна – дыялог абяцае стаць сур’ёзным. Да ўдзельнікаў сходу з пажаданнямі канструктыўнай размовы звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
– Кожны зварот, кожная ўзнятая на сходзе тэма бярэцца на кантроль да канчатковага вырашэння. Пераважная большасць пытанняў вырашаецца. Актыўнасць грамадзян сведчыць пра тое, што людзі давяраюць і спадзяюцца, што іх пытанне будзе пачута і разгледжана. А гэта, у сваю чаргу, гаворыць пра давер да ўлады, – падкрэсліў Мікалай Мароз.

Пытанні паступалі адно за адным. Размова атрымалася канкрэтная, узровень актыўнасці – высокі, а атмасфера панавала добразычлівая і дзелавая. Але пра ўсё па парадку.
Старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч падрабязна расказаў пра зробленае на тэрыторыі сельсавета летась. Знос пустуючых дамоў, выдаленне аварыйных дрэў, рамонт дарог, суботнікі – толькі частка таго, што зроблена ў плане добраўпарадкавання населеных пунктаў. І работы будуць прадоўжаны і сёлета – нямала задач будзе рэалізавана ў межах Года добраўпарадкавання.
Кола пытанняў, якія ўздымалі мясцовыя жыхары, тычылася розных сфер. Незадаволенасць вяскоўцаў выклікала закрыццё магазіна ААТ «Жарабковічы» ў Тальмінавічах. Маўляў, у гэтым аб’екце гандлю і асартымент быў багаты, і цэны прымальныя.
Дырэктар «Жарабковічаў» Андрэй Новік патлумачыў, што магазін зачынены па эканамічных паказчыках. Мікалай Мароз адзначыў, што пытанне аднаўлення работы магазіна будзе дакладна вывучана і вырашана, як, дарэчы, і з’яўленне банкетнай залы, якую кіраўніцтва «Жарабковічаў» абяцала яшчэ летась.
Людзі скардзіліся, што цэны на малочныя прадукты ў магазіне райпо «Родны кут» высокія. Намеснік старшыні праўлення райпо Уладзімір
Шырэй нагадаў, што цэны на сацыяльна значныя тавары
рэгулююцца на дзяржаўным узроўні і знаходзяцца на пастаян-
ным кантролі, цана можа быць рознай у залежнасці ад тлустасці, аб’ёму прадукцыі.
Яшчэ адна актуальная для некаторых мясцовых жыхароў тэма – выдзяленне ўчасткаў зямлі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Людзей хвалюе як магчымасць атрымання такіх участкаў, так і кошт паслуг сельгаспрадпрыемства на апрацоўку зямлі. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгас-
харчу Васілій Пыжык патлумачыў, што ўсе жыхары раёна, якія ў мінулым годзе звярталіся з просьбай аб выдзяленні зямлі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі (цяпер да 4 гектараў), яе атрымалі. Так што праблем быць не павінна. Адносна аплаты за апрацоўку, вырашаецца ў кожным канкрэтным выпадку і залежыць ад многіх фактараў: стажу работы ў сельгаспрадпрыемстве, месца пражывання і іншых. Гэта прадугледжана ў калектыўных дагаворах сельгаспрадпрыемстваў.
Цікавіць вяскоўцаў, ці прыйдзе прыроднае блакітнае паліва ў Куршынавічы. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк сказаў, што, на жаль, сёлета прыродны газ у гэты населены пункт не дойдзе, а вось на 2026 год разглядаецца пытанне праектавання газаправода.
І жыхары Ганчароўскага сельсавета ўздымаюць праблему, звязаную з тым, што ў раённай паліклініцы даволі цяжка ўзяць талончык да вузкіх спецыялістаў, у прыватнасці, стаматолага. Намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл Куляшоў паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. Што тычыцца арганізацыі месца зубнога фельчара ў Ганчароўскай АУАП, то гэта пакуль немагчыма з-за адсутнасці неабходных плошчаў у гэтай медустанове.
Не зусім камфортна, прасцей кажучы – холадна, у школьным аўтобусе дзецям, якія з Тальмінавічаў, Куршынавічаў ездзяць у СШ № 1. Намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко паведаміла, што ў хуткім часе пасля рамонту на маршруце зноў будзе больш камфартабельны транспартны сродак. Гэта пытанне, як і пытанне арганізацыі вольнага часу дзяцей, на кантролі ў намесніка старшыні райвыканкама Алега Траццяка.
Рамонт арэнднага жылля ў Гайнінцы, уладкаванне прыпыначных пунктаў рэйсавага аўтобуса, пашырэнне аўтобусных маршрутаў, асвятленне ў аграгарадку і вёсках, якасць дарожнага пакрыцця – таксама на парадку дня.
Прагучала і нямала падзяк ад жыхароў сельсавета за зробленае на тэрыторыі населеных пунктаў сельсавета ў мінулым годзе. У прыватнасці, за асфальтаванне і ўладкаванне дарогі Ляхавічы –
Куршынавічы, наваселле і рамонт Ганчароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, работу прадаўцоў магазінаў райпо ў Тальмінавічах і Гайнінцы. Па словах старшыні райвыканкама,
сёлета павіна вырашыцца і пытанне якасці сотавай сувязі, якое знаходзіцца на кантролі старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк нагадаў, што ў 2025 годзе ўрэшце будзе заасфальтавана дарога Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы, што праходзіць праз Куршынавічы. Сярод плануемых сёлета наваселляў – адкрыццё Дома сумеснага пражывання ў Тальмінавічах.
І зноў прагучала пытанне, ці праўда, што збіраюцца закрываць магазін у Мядзведзічах. Намеснік старшыні райвыканкама Людміла Матчэня дала адназначны адказ: закрыццё магазіна ў азначаным населеным пункце не плануецца.
Прыемнай навіной падзяліўся з жыхарамі Ганчароў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі. Знайшлося фінансаванне на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі на рамонт водаправода. І, як планавалася, выдзелена фінансаванне на рэканструкцыю цепласетак у Ганчарах. Таксама на сходзе прагучала актуальная інфармацыя, як не стаць ахвярай кіберзлачынстваў, не трапіць у
надзвычайную сітуацыю.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.