Яркі шчыт для ўразлівых. На працягу лютага Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць на Ляхавіччыне комплекс прафілактычных мерапрыемстваў «Бяспека для ўразлівых!»

У лютым у цэнтры асаблівай увагі Дзяржаўтаінспекцыі пешаходы
і веласіпедысты. Супрацоўнікі АДАІ РАУС разам з валанцёрамі БРСМ з СШ № 2 нагадалі ляхавічанам пра неабходнасць выконваць Правілы дарожнага руху і карыстацца флікерамі. Тэарэтычныя напаміны дапоўніла ўручэнне святлоадбівальных элементаў.
Да акцыі «Бяспека для ўразлівых!» далучыліся праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі. Пасля прафілактычнай гутаркі супрацоўнікаў ДАІ з прыхаджанамі ў храме Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Ляхавічах настаяцель храма протаіерэй Георгій Жытко асвяціў службовыя аўтамабілі аддзялення ДАІ, а іерэй Максім Долгі правёў
асвячэнне пешаходных пераходаў каля навучальных устаноў, а таксама найбольш аварыйна небяспечных участкаў аўтадарогі Баранавічы – Ляхавічы і мясцовых дарог.
Штодзённыя рэйды і прафілактычныя акцыі будуць працягвацца да канца лютага.
На жаль, далёка не заўсёды ўразлівыя ўдзельнікі дарожнага руху дысцыплінаваныя і сур’ёзна ставяцца да пытанняў уласнай бяспекі. Падчас рэйдаў напрыканцы мінулага тыдня выяўлена 21 парушэнне
ПДР пешаходамі і веласіпедыстамі. Адсутнасць флікераў, знаходжанне на дарозе ў нецвярозым стане, пераход праезнай часткі ў недазволеным месцы – кожнае з такіх парушэнняў патэнцыяльна можа справакаваць ДТЗ.

Супрацоўнікі АДАІ зноў і зноў нагадваюць, што пешаходы пры руху па абочынах або краю праезнай часткі ў цёмны час сутак або ва ўмовах недастатковай бачнасці павінны пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі – гэта жыццёва важна!
Пры руху ў цёмны час сутак на веласіпедзе павінны быць уключаны спераду фара (ліхтар), што выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар, што выпраменьвае чырвонае святло. Па-за населенымі пунктамі веласіпедыст павінен быць апрануты ў адзенне
павышанай бачнасці са святлоадбівальнымі элементамі.
За адсутнасць флікера прадугледжаны штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь. У выпадку знаходжання
на праезнай частцы ў нецвярозым стане штраф складае ад трох да пяці БВ. Але трэба разумець, што пакаранні і штрафы не самамэта, а яшчэ адзін спосаб данесці жыццёва важныя акалічнасці. Маленькія флікеры – вялікі шанц для вадзіцеля ўбачыць на дарозе вас і вашых дзяцей.
Яўгеній ВАЙШЭВІЧ,
начальнік АДАІ РАУС.

