Смачны адпачынак

12 гадзін. Час абеду ў школьнай сталоўцы. Звычайны расклад, прывычнае месца. Якое яно? Вялікая зала, на падаконніках шмат вазонаў – вочы адпачываюць, на душы хораша, таму што кветкі і прыгожа аформленыя сцены ствараюць асаблівую ўтульнасць і… абуджаюць апетыт. Выгляд трохі «стомленых» за 20 гадоў выкарыстання столікаў і табурэтак на ім не адбіваецца.
Першымі ў сталоўку прыбеглі адзінаццацікласнікі, відаць, самыя галодныя. Часцей за ўсё ў іх абед самы «доўгаіграючы»: наўмысна расцягваюць час, каб пагаварыць, адпачыць і г.д. Сямі-васьмі-класнікі са сваімі порцыямі спраўляюцца хутка, каб яшчэ паспець пабегаць па калідоры і выпусціць пару.
Сёння на абед курыная катлета з бульбяным пюрэ і салатай з агародніны. Пустыя талеркі – лепшае сведчанне пра тое, што было смачна. На дэсерт – булачка і кампот. Заўважаю, што булачку многія забіраюць з сабою ў класс, мабыць, каб з’есці яе перад факультатывам.
Некаторыя вучні любяць пасваволіць у сталоўцы, пакідаюць пасля сябе незанесены посуд, што заўсёды крыўдзіць бедных дзяжурных, якія прыбіраюць сталы. Але калі ў сталоўку заходзіць дырэктар, усе вучні акуратненька ўбіраюць посуд за сабою… Стараюцца паводзіць сябе культурна.
Хутка званок на ўрок. Адзінаццацікласнікі, якія прыбеглі сюды першымі, пакідаюць сталовую апошнімі, а некаторыя ідуць у классы пасля першага званка.
Алеся БЕЛІКАВА, 11 клас.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *