Мая гімназія

Калі ў 1990 годзе стала вядома, што ў нашым горадзе будзе дзейнічаць гімназія, мушу прызнацца, вырашыла пакінуць любімую школу № 2, дзе скончыла 9 класаў. На адным з сямейных саветаў было вырашана: я іду вучыцца ў гімназію.
Вельмі хутка бяжыць час. Здаецца, зусім нядаўна я хадзіла сюды вучаніцай: рыхтавалася да заняткаў, хвалявалася за веды і адзнакі. Потым быў выпускны баль, і дырэктар гімназіі Аляксандр Пятровіч Каваленка і наш класны кіраўнік Ніна Мікалаеўна Валуй адрасавалі развітальныя пажаданні сваім першым выпускнікам. А наперадзе – уступныя экзамены і новая жыццёвая дарога.
Праўду кажуць, каб зразумець, як добра, цікава ў школе, трэба яе скончыць. Шмат запомнілася і засталося ў памяці. Па-першае, незвычайна цікавыя заняткі па СМЛ у Г. У. Шадура, беларускай мове і літаратуры ў Р. І. Анташук, рускай мове і літаратуры ў Г. А. Юнік, алгебры і геаметрыі ў У. П. Валуя, і, канечне, заняткі ў маёй любімай настаўніцы Марыі Аляксандраўны, якая выкладала нямецкую мову.
Па-другое, у 10-м класе ў мяне і маіх аднакласнікаў з’явілася магчымасць, дзякуючы гуманізацыі вучэбнага працэсу ў гімназіі, займацца на падрыхтоўчым аддзяленні ў інстытуце імя М. Горкага (зараз універсітэт імя Танка). Кожны месяц мы ездзілі ў Мінск на заняткі. А аднойчы вучыліся там два тыдні як сапраўдныя студэнты.
Памятаю паездку ў лагер у адну з вёсак Мінскай вобласці на некалькі дзён у час вясновых канікул. Былі цікавыя сустрэчы, віктарыны, конкурсы, новыя знаёмствы.
Я вельмі ўдзячна гімназіі за гэтыя добрыя, цёплыя ўспаміны, павагу і падтрымку, асаблівы псіхалагічны клімат.
Магу сказаць, што я марыла аб прафесіі настаўніка. Мяне цікавіла вывучэнне замежнай мовы і, наогул, пытанні ўзаемаразумення паміж людзьмі, якія размаўляюць на розных мовах, таму паступіла ў Беларускі дзяржаўны лінгвістычны інстытут. Зараз працую настаўніцай нямецкай мовы ў сваёй любімай гімназіі. Мой сын Мікіта таксама вучыцца тут.
Прафесія настаўніка, на мой погляд, чымсьці нагадвае прафесію ўрача, і яе дэвіз: “NOLI NONCERE” – ”не нашкодзь”. Яна патрабуе шмат ведаў, маральных сіл, цярпення, павагі да мовы і дзяцей. А таксама няспыннай працы над сабой.
Я чэрпаю сілы ў сваёй сям’і, сярод любімых і дарагіх мне людзей. Лічу, што ўсё, што раблю, – гэта для іх і дзеля іх.
Пра што мару? Мару пра простыя рэчы. Пра здароўе сваіх родных, а яшчэ мару ў бліжэйшы час разбіць разарый і фруктовы сад.
Марына ЧЫРКУН, настаўніца нямецкай мовы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *