І жартам, і ўсур’ёз. Жарты «Вастраўчан» з Ляхавіцкага раёна заўсёды ідуць на “ўра”

Гумар – справа сур’ёзная, перакананы «Вастраўчане» , якія самі не сумуюць і іншым не даюць сумаваць.

Творчыя, адданыя, апантаныя, таленавітыя, крэатыўныя спецыялісты   працуюць ва ўстановах культуры раёна.  Гэта яны, у райцэнтры, аграгарадках, вёсках вялікіх і  малых, клапоцяцца пра тое, каб свята было святам не толькі ў календары, каб на душы было добра,  не сумавалася, каб верылася і спадзявалася на лепшае, каб нават шэры дзень расквечваўся яркімі ўражаннямі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец перакананы,  што культработнікам трэба нарадзіцца. Нельга ў гэтай сферы працаваць і быць абыякавым, безыніцыятыўным. Кажучы вобразна, чалавек павінен гарэць сам і запальваць іншых.

Трэба было  так распарадзіцца лёсу, што ў вёсцы, а цяпер  аграгарадку з назвай  Востраў у мясцовым сельскім Доме культуры  з’явіўся калектыў “вострых” на язык – самадзейны тэатр. Шмат гадоў назад  колішні  дырэктар СДК Марыя Жарская арганізавала з мясцовых культработнікаў і жыхароў драматычны гурток, які пазней ператварыўся ў тэатральны калектыў “Вастраўчане” і ў жніўні 2009 года атрымаў ганаровае і заслужанае званне “народны”. Апладысментамі суправаджаюць  выступленні “Вастраўчан”  на  абласных фестывалях гумару “Спораўскія жарты”,  тэатральнага майстэрства – “Тэатральнае Палессе”,  “Напевы зямлі маёй роднай”. Ці варта гаварыць пра папулярнасць у сваім раёне?! Хоць раённыя дажынкі, хоць канцэрт у суседніх вёсках ці Ляхавічах, востраўскія жарты ідуць на “ўра”.

Анатолій Лешык і Валянцін Дыдышка і спяваюць, і на баяне іграюць, і майстры на ўсе рукі.

Не так проста на працягу больш за гадзіну ўтрымліваць увагу слухачоў. А “Вастраўчанам” гэта заўсёды ўдаецца. Амаль увесь рэпертуар калектыву – сцэны з  жыцця яго ўдзельнікаў  ці “падгледжаныя” ў суседзяў, аднавяскоўцаў.  Як гаворыць  дырэктар мясцовага СДК і рэжысёр “Вастраўчан” Валянціна Гоўша,  рэпертуар зборны.  Сабраліся ра-          зам, расказалі, пасмяяліся, абмеркавалі, падабралі да слоў музыку (яе часта сачыняе мастацкі кіраўнік СДК  Валянціна Гаўрыльчык) і ”пагналі” рэпетыраваць.  Кожны з 12 удзельнікаў тэатральнага калектыву (у яго склад уваходзяць настаўнікі, работнікі  СВК “Востраў-Агра”, мясцовага ФАПа, студэнты) уносіць сваю іскрынку.

— Сумесныя рэпетыцыі і выступленні сталі часткай жыцця. Без іх сябе не ўяўляем, — сцвярджаюць  Валянцін Дыдышка і  Анатолій Лешык. Акрамя  іх за моцную палову  вяскоўцаў спяваюць, весяляць народ Арцём Здановіч, Артур  Малышка, Аляксей Пташук, Юрый Дземід. У мясцовых культработнікаў можна смела пераймаць вопыт удалага і змястоўнага супрацоўніцтва з работнікамі, вучнямі і выхаванцамі тутэйшых школы і дзіцячага сада, фельчарска-акушэрскага пункта, лясніцтва, сельвыканкама. Напрыклад,  дырэктар школы Алена Дыдышка прапаноўвае новыя сюжэты  тэатральных пастановак і з’яўляецца касцюмерам, настаўнік фізкуль-туры Валянцін Дыдышка не толькі актыўны ўдзельнік калектыву, але і аўтар  праекта па добра-ўпарад-каванні тэрыто-рыі вакол СДК. Увасо-біць у жыццё гэты праект яму дапамага-лі  ляснічы Востраўска-га лясніцтва  Сяргей Амбражэй, работнікі лясніцтва Аляксандр Сельмановіч, Сяргей Адамчык, Васілій Сельмановіч.  Завуч Востраўскай СШ Наталля Петухова — галоўная выканаўца жаночых роляў.  А якія цудоўныя салісты  Вольга Булай  і маладая сям’я з Падлаззя  Андрэй і Вольга Саванчукі.

У кутку народнай творчасці.

Нядаўна культурны дэсант з востраўскіх артыстаў  прыехаў (на асабістым транспарце старшыні  сельвыканкама Уладзіміра Тадры) ў Стральцоўскі дом сацыяльных паслуг павіншаваць вяскоўцаў сталага ўзросту з Днём пажылых людзей.

— Самай галоўнай падзякай для нас сталі апладысменты і запрашэнне прыязджаць зноў, — расказвае Валянціна Гаўрыльчык і дадае: — Вельмі прыемна, што  наша  маладая калега дырэктар Дома сацыяльных паслуг Ірына  Зубік так клапоціцца пра вольны час пажылых.

Не толькі тэатральным калектывам славіцца Востраўскі СДК. Паспяхова дзейнічаюць 11 клубных фарміраванняў. Найбольш запатрабаваныя ў тутэйшых жыхароў сямейны клуб “Іван ды Мар’я”, дзіцячае аматарскае аб’яднанне  “Робім самі”. У фае на другім  паверсе СДК царства пакаёвых кветак паказвае, наколькі захапіла імі аднавяскоўцаў кіраўнік аб’яднання “Кветкавод” Валянціна Гаўрыльчык.  А ў выставачнай зале больш за сотню старых вінілавых пласцінак, прайгравальнік даўніх часоў. Усё гэта  сабралі ўдзельнікі клуба філафаністаў.

У наступным пакоі куток народнай творчасці з мноствам унікальных экспанатаў.  Вось дзве драўляныя люлькі: у адной дзіцятка калыхалі дома, у другой, меншай,  бралі яго з сабой на поле. Маці дырэктара СДК перадала іх у музейны куток, як, дарэчы, і  кросны, і многае іншае. Усе рэчы сюды прынеслі мясцовыя жыхары: вышыванкі — Людміла Сахон, Раіса Петрашэвіч, Ірына Галенка, Ірына Войцік, патэфон (у рабочым стане) – Кацярына Рагацэвіч, адзенне, накшталт “плюшаўкі“, – Алена Надалінская, а яе браціха нават перадала з Мінска вышываны ручнік, якому больш за 100 гадоў.  Кожная рэч можа шмат расказаць і пра  час, і пра сваіх гаспадароў. А,напрыклад, куфар ад Марыі Гоўша і ўвогуле многія хацелі купіць на мінулагодніх абласных дажынках у Ляхавічах, дзе ён ”суправаджаў” ”Вастраўчан”.

Без работнікаў СДК не абыходзіцца ні адна вясковая падзея. Ім з задавальненнем дапамагаюць землякі. Ветэраны працы Алена Май, Марыя Окалат, Аляксандр Петрашэвіч, Васілій Козел пішуць вершы і апавяданні, якія прыходзяцца вельмі дарэчы падчас розных урачыстасцяў-ушанаванняў. Валянціна Гоўша ў культурнай справе больш за 30 гадоў, у школе пісала сцэнарыі і была вядучай мерапрыемстваў, тады і адчула, што гэта ёй блізка і цікава.

– Культработа – неад’емная частка  жыцця маёй сям’і, – далучаецца да размовы Валянціна Гаўрыльчык. — Дачка  Алёна —прадаўжальніца дынастыі, мастацкі кіраўнік Крывошынскага СДК, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Муж  Аляксандр дапамагае транспартам на выязных канцэртах.

Востраўскі СДК сёння размешчаны ў сучасным, утульным будынку — такім ён стаў 2 гады назад пасля рэканструкцыі  і рамонту, праведзенага за бюджэтныя сродкі. Падтрымліваюць, аказваюць спонсарскую дапамогу дому культуры ЗТАА “БелДан” (нядаўна купілі аўдыёапаратуру, газонакасілку), ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”, СВК “Востраў-Агра”, Востраўскі сельвыканкам.

Чаго не хапае мясцовым культработнікам? Новых касцюмаў.  Хто дапаможа абнавіць гардэроб таленавітых самадзейных артыстаў?..

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *