На разглядзе пляжная перспектыва. І хаця пакуль яшчэ да сезона пляжнага адпачынку далёка, тэма падрыхтоўкі да яго актуальная ўжо сёння

Куды летам у паратунку ад спякоты вядзе большасць дарог? Канешне ж, да воднай прахалоды. На рэчкі, вадаёмы, афіцыйныя зоны адпачынку і так званыя дзікія пляжы спяшаюцца дарослыя і дзеці. Аднак разам з задавальненнем кожны купальны сезон адзначаецца і няшчаснымі выпадкамі на вадзе. Якім быў мінулы купальны сезон у раёне, па якіх пазіцыях зроблена работа над памылкамі, якія планы на лета-2025 – асноўныя тэмы завочнага круглага стала, арганізаванага «ЛВ» з прадстаўнікамі зацікаўленых службаў і арганізацый.

Алег ТРАЦЦЯК, намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама:

– Раённая ўлада трымае на пастаянным кантролі пытанне далейшага паляпшэння аховы жыцця людзей на водных аб’ектах. Тэма рэгулярна ўздымаецца на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама, на пасяджэннях райвыканкама. Адно з такіх адбылося і напачатку красавіка.
У Ляхавіцкім раёне адно афіцыйнае месца для купання –
зона адпачынку на рацэ Ведзьме ў райцэнтры. Яшчэ адно –
у выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Чайка» – прызначана выключна для адпачывальнікаў летніка. У абавязковым парадку камісія, у складзе якой прадстаўнікі раённай улады, прыродаахоўнай і санітарнай службаў, выратавальнікі, пасля папярэдняй праверкі павінна падпісаць дазвол на афіцыйнае адкрыццё зон адпачынку.
Камунгас усё лепш і лепш падрыхтоўвае зону адпачынку на Ведзьме да лета, з’яўляюцца новыя аб’екты. На пастаяннай аснове на працягу купальнага сезона – прыбіранне, вываз смецця, падкошванне. Дарэчы, землякі актыўна далучаюцца да добраўпарадкавання зоны адпачынку. Напрыклад, сёлета кожны чацвер тут высаджваюцца працоўныя дэсанты.
Сярод уздымаемых праб-лемных момантаў – недахоп выратавальнікаў Асвода на зоне адпачынку на рацэ Ведзьме падчас купальнага сезона. Аднак варыянты прапрацоўваюцца. У прыватнасці, сярод паўналетніх навучэнцаў каледжа ёсць жадаю-чыя папрацаваць на канікулах выратавальнікамі. Чаму б не даць ім такую магчымасць?

Аляксандр ШЧАЎРОЎСКІ, старшыня раённай арганізацыі Асвода:

– Звярнуся да статыстыкі. Па аператыўных даных Асвода, за 2024 год у Беларусі патануў 361 чалавек, з якіх 206 былі нецвярозымі. Трагічныя лічбы былі б яшчэ больш унушальнымі, калі б не выратавальнікі. Летась выратавана 218 чалавек, з якіх 53 – непаўналетнія. Купальны сезон сёлета яшчэ не пачаты, а ў краіне патанулі 54 чалавекі, двое з іх – дзеці.
Супрацоўнікі Асвода таксама займаюцца прафілактычнай работай, каб папярэдзіць гібель людзей. Сустрэчы са школьнікамі і выхаванцамі дзіцячых садкоў, удзел у адзіным дні бяспекі, маніторынг месцаў масавага адпачынку грамадзян каля вады, прафілактычная інфармацыя на старонках газеты, на інтэрнэт-рэсурсах – не поўны пералік такой работы, якая прадоўжыцца і сёлета.
Дарэчы, на зоне адпачынку на спецыяльных стэндах размешчана разнастайная прафілак-тычная інфармацыя, у тым ліку і правілы паводзін на вадзе і каля вады, як аказаць дапамогу таму, хто тоне, і медыцынскую дапамогу таксама. Канешне, першачарговая ўвага –
пільная і пастаянная – звяртаецца на бяспеку падчас купання. Вельмі важна, каб адпачывальнікі захоўвалі ўсе правілы бяспекі. Дарослыя абавязаны трымаць пад пастаянным кантролем знаходжанне
дзяцей у вадаёме. Часта на пляж наведваюцца супрацоўнікі РАНС, якія вядуць гутаркі па правілах бяспекі з дарослымі і дзецьмі. Кантралююць грамадскі правапарадак і работнікі РАУС.
Праблемным застаецца пытанне па шлюзе на рацэ Ведзьме –
несанкцыянаванае месца для купання, якое, тым не менш, папулярнае ў моладзі. Лічу, што там неабходна ўстанавіць камеры відэаназірання.

Юрый БУЙКЕВІЧ, начальнік РАНС:

– Нягледзячы на разнастайную прафілактычную работу, купальны сезон зноў і зноў прыносіць новыя ахвяры вады. Так, летась на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістравана гібель трох чалавек ад утаплення (за 2023 год
было два выпадкі). Гібелі людзей у месцах, дзе дазваляецца купацца, не зарэгістравана. Жыхар Баранавіцкага раёна патануў у тэхнічным вадаёме на тэрыто-рыі ТАА «Яблыневы Пасад».
Жыхар Альхоўцаў патануў у тутэйшай сажалцы, калі чысціў дно вадаёма. Абставіны гібелі на вадзе яшчэ аднаго вяскоўца –
тухавічаніна – не ўстаноўлены. Усяго на Брэстчыне з мая па верасень 2024 года патанулі 38 чалавек, з якіх чацвёра – непаўналетнія. Асноўныя прычыны гібелі – парушэнне мер бяспекі ў тым ліку і ў стане алкагольнага ап’янення, тычыцца гэта і дваіх жыхароў Ляхавіччыны. Каб папярэдзіць гібель людзей на вадзе, супрацоўнікі РАНС пастаян-на праводзяць рэйды (усяго летась арганізавана 208 такога кшталту мерапрыемстваў), у тым ліку сумесныя з зацікаў-ленымі службамі. У полі зроку – і афіцыйныя зоны адпачынку, і так званыя «дзікія» пляжы. Падчас спякоты былі арганізаваны дзяжурствы супрацоўнікаў РАНС на рацэ Шчары ў аграгарадку Дарава на неафіцыйнай зоне адпачынку. Лічу эфектыўнай і растлумачальную работу сярод насельніцтва па правілах паводзін на вадзе і каля вады.

Віталій ЦІХАНАЎ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна:

– Адназначна, пляж на рацэ Ведзьме з кожным годам становіцца ўсё больш уладкаваным. Ён абсталяваны лежакамі, альтанкай, арэлямі, ценевымі навесамі, дзіцячай гульнявой і спартыўнымі пляцоўкамі, раздзявальнямі, велапаркоўкай, пірсам, туалетам, кантэйнернай пляцоўкай для збору і часовага захоўвання адходаў. Устаноўлены шлагбаўм для абмежавання праезду транспартных сродкаў на тэрыторыю зоны адпачынку. РайЦГіЭ пры падрыхтоўцы да купальнага сезона-2025 прапанаваў камунгасу пашырыць зоны пляжа і купання, ачысціць прыбярэжную паласу ад надводнай расліннасці. Для папярэджвання змывання атмасфернымі ападкамі пяску неабходна на пляжы абсталяваць адвод для дажджавых сцёкаў. Па стане на 7 красавіка ўказаныя мерапрыемствы камунальнікамі яшчэ не праведзены.
У перыяд мінулагодняга купальнага сезона супрацоўнікі санітарнай службы праводзілі штотыднёвы кантроль бяспекі вады адкрытых вадаёмаў: да-следавана 112 проб вады, з якіх
16 не адпавядалі гігіенічнаму нарматыву па мікрабіялагічных паказчыках. Пры паўторных даследаваннях вада адпавядала норме. Адпаведна, і сёлета ўвесь азначаны комплекс мерапрыемстваў будзе прадоўжаны.

Сяргей ІСАХАНАЎ, намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС:

– Супрацоўнікі РАУС падчас купальнага сезона праводзяць разнастайныя мерапрыемствы па забеспячэнні грамадскага парадку, дарожнай, асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян у зонах масавага адпачынку, стыхійных месцах масавага купання і на прылеглых да такіх месцаў тэрыторый. Да парушальнікаў прымаюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння. За купальны сезон 2024 года ў месцах масавага адпачынку міліцыянеры спынілі 54 адміністрацыйныя правапарушэнні, у тым ліку 15 фактаў распіцця спіртных напіткаў, 9 – купання ў забароненых месцах, 30 парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Як паказвае практыка, найбольш запатрабаваны, прычым не толькі сярод жыхароў Ляхавіцкага раёна, стыхійныя месцы масавага адпачынку на рацэ Шчары ў Дараве, а таксама на вадасховішчы Мінічы недалёка ад вёсак Набярэжнай і Мыслабаж. Безумоўна, на дзікіх пляжах не паставіш супрацоўніка РАУС на пастаяннае дзяжурства, каб штрафаваць парушальнікаў, бо ў вартавых правапарадку хапае неабходнай і важнай работы. Разам з тым магчымыя варыянты. У прыватнасці, замацаванне месцаў масавага адпачынку каля вады за добраахвотнымі дружынамі. Не лішнім будзе размяшчэнне на такіх пляжах знакаў бяспекі, стэндаў з неабходнай прафілактычнай інфармацыяй, у тым ліку і пра забарону на распіццё спіртных напіткаў.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.