Шлюб у люстэркавую дату. На Ляхавіччыне папулярнасцю карыстаюцца люстэркавыя даты

Нараджэнне шасці хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак было зарэгістравана на Ляхавіччыне ў сакавіку. Два пасведчанні аб нараджэнні выдадзена бацькам у Конькаўскім і Навасёлкаўскім сельвыканкамах, шэсць – у аддзеле загса райвыканкама.
Першынец нарадзіўся ў трох сем’ях, другое дзіця – у дзвюх. Дзве сям’і з нараджэннем дзіцяці набылі статус мнагадзетных, а ў адной сям’і нарадзілася пятае дзіця, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
Дзяўчынак бацькі назвалі Ганнай і Марыяй. Хлопчыкам далі імёны Мацвей, Аляксандр, Цімафей, Дзмітрый, Макар, Ягор. Дарэчы, днём нараджэння Цімафея стала 8 сакавіка.
Сярэдні ўзрост сакавіцкіх бацькоў – 30 гадоў. Самымі маладымі сталі 24-гадовыя бацька і маці. Старэйшы ўзрост сакавіцкага бацькі – 37 гадоў, маці – 41 год.
У першы вясновы месяц згулялі вяселле восем пар, з якіх адна ўзяла шлюб у Крывошынскім сельвыканкаме.
Сярэдні ўзрост сакавіцкага жаніха – 30 гадоў, нявесты – 32. Марш Мендэльсона гучаў для 18-гадовых землякоў. Мужам стаў 50-гадовы жыхар раёна, жонкай – 62-гадовая ляхавічанка.
Па словах Вольгі Новік, па-ранейшаму папулярнасцю карыстаюцца так званыя люстэркавыя даты. Сёлета штомесяц у 25-ы дзень маюцца жадаючыя зарэгістраваць свае адносіны. Так, 25.01.2025 урачыстая цырымонія прайшла для дзвюх   сямейных пар, у лютым  – таксама для дзвюх, а ў сакавіку – для адной.
Наталля ПЕРАПЕЧКА