Ела Маша кашу ці як харчуюцца школьнікі Ляхавіччыны

Карціну, калі школьнікі купляюць чыпсы, газіроўку і іншыя папулярныя ў іх “ласункі”, можна часта назіраць у магазіне. Хлопчыкі і дзяўчынкі не надта задумваюцца над тым, што ядуць, перахопліваюць на хаду, перабіваюць апетыт. А гэта не на карысць здароўя, узнікаюць праблемы з лішняй вагой, захворванні страўніка і іншыя непрыемнасці.

Школьнае харчаванне істотна адрозніваецца ад той ежы, якой аддаюць перавагу рабяты. Яно здаровае, карыснае і збалансаванае. Здароўе падрастаючага пакалення – у цэнтры ўвагі дзяржавы, і падтрымка сем’яў у гэтым пытанні вельмі істотная. Толькі за верасень на льготнае харчаванне школьнікаў раёна з рэспубліканскага і мясцовага буджэтаў выдаткавана больш за 367 мільёнаў рублёў. Права на бясплатнае харчаванне ў школах маюць вучні 1-4 класаў, дзеці з маламаёмасных сем’яў і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці-інваліды, вучні сельскіх школ і тыя, хто пражывае ў вёсцы, а навучаецца ў горадзе. Такой ільготай ў нашым раёне карыстаюцца 2020 чалавек. Кошт абеду школьнікаў у залежнасці ад узросту вагаецца ад 8000 да 10000 рублёў , на трохразавае харчаванне дзяцей 6-10 гадоў у групе падоўжанага дня затрачваецца 16840 рублёў штодзень. Сэканоміць сродкі бацькам дапамагае і нарыхтаваная вучэбнымі ўстановамі агародніна.

– Няма такой школы, якая б не клапацілася пра зімовыя запасы, – адзначае начальнік адддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. – Гаспадаркі, прадпрыемствы, фермеры аказваюць спонсарскую і шэфскую дапамогу ўстановам адукацыі, за што ўсе мы ім вельмі ўдзячныя.

У Крывошынскай СШ сёлета зрабілі капітальны рамонт харчаблока, на што з раённага бюджэту пайшло каля 950 мільёнаў рублёў. У выніку мадэрнізацыі харчаблок пашырыўся. Пабудаваны асобныя пакоі для прыгатавання мясных, рыбных, агароднінных страў. Ёсць мыйная, складское памяшканне і цэх гатовай прадукцыі. На новае кухоннае абсталяванне, абноўленую абедзеную залу не нарадуюцца ў школе.

– У нашай сталовай стала прыгожа і ўтульна, як дома. Стравы, прыгатаваныя школьным поварам, заўсёды апетытныя і смачныя, – адзначае адзінаццацікласнік Мікіта. А дзесяцікласніца Анастасія дадае:

– Наша школа пасля капітальнага рамонту самая прыгожая. І сталоўка цудоўная. Заўсёды прыемна абедаць у камфортных умовах, стравы сталі яшчэ больш смачнымі і разнастайнымі.

– З уласнага ўчастка засалілі агуркі, самі вырасцілі цыбулю, моркву, буракі, фасолю, яблыкі, – расказвае дырэктар школы Юрый Чаранкевіч. – Нарыхтавалі ў дастатковай колькасці іншай агародніны, 1,5 тоны бульбы выдзяліў райаграсэрвіс.

Ва ўстановах адукацыі гатуюць абеды дзецям па распрацаваным і зацверджаным на дзесяцідзёнку меню. Давайце пацікавімся, чым будуць частавацца на вялікім перапынку гімназісты.

Да званка заставалася некалькі мінут, а яны як раз самыя гарачыя­ ў повараў і дзяжурных вучняў – раскласці сталовыя прыборы, хлеб, разнесці талеркі з ежай. І паспець з гэтым неабходна за

10-15 мінут да званка з уроку – каб стравы не ахалодалі. Дзяжурныя апрануты ў спецыяльную экіпіроўку – усё, як патрабуе санслужба. Кормяць гімназістаў на двух перапынках. Затым падыходзіць чарга сілкавацца дзецям з групы падоўжанага дня.

Дырэктар гімназіі Таіса Шыбун адзначае, што гарачым харчаваннем ахоплены ўсе 534 навучэнцы. Яно арганізавана ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі, а яго якасць і колькасць – на кантролі ў бракеражнай камісіі і іншых службаў. Дарэчы, для вучняў пачатковых класаў вага порцыі складае каля 250 грамаў у залежнасці ад меню, для старшакласнікаў – 275 грамаў.

Прасторная сталовая, зручная сучасная мэбля, жалюзі на вокнах– у гімназіі прывіваюць культуру харчавання з першых дзён навучання. Званок – і зала напаўняецца звонкімі галасамі дзяцей. Яны пачынаюць бойка “працаваць” лыжкамі і відэльцамі. Амлет разышоўся на “ўра”– у мыйку амаль усе першакласнікі няслі чыстыя талеркі. Потым уміналі булку з маслам, запілі ўсё кампотам з разынак. Рабят 2-4 класаў у гэты дзень кармілі гуляшом з макаронамі.

Праводзім апытанне сярод навучэнцаў наконт смакавых прыхільнасцяў. Больш за ўсё першакласніца Марта любіць амлет і калбасу, а яе аднакласніца Ульяна – пюрэ з катлетай і салатам.

Шэф-повар Ала Маслоўская 14 гадоў гатуе для гімназістаў і добра ведае, як накарміць самае пераборлівае дзіця. Незалежна ад узросту, рабяты аддаюць перавагу калбасе, курыным катлетам, блінам і аладкам, запяканцы, любяць салодкія салаты. А вось каша і мяса не ў кожнага ў пашане.

Дзевяцікласнік Аляксандр з задавальненнем есць гуляш з бульбяным пюрэ. Васьмікласнік Сяргей па-даросламу заўважае, што на 9000 рублёў сёння не вельмі разгонішся ў магазіне, а тут повары прапаноўваюць заўсёды свежыя і карысныя стравы. Дарэчы, гімназісты ўдзячны ўсім прадпрымальнікам і арганізацыям, якія пастараліся, каб у дзіцячым меню акрамя каш і мясных страў была садавіна-агародніна – “жывыя вітаміны”.

Ну, а якія заўвагі ў школьных гурманаў? Старшакласніцы жадаюць, каб часцей давалі дыетычную кураціну, каб і солі ў стравах хапала, і ежа была б неастылай. Пра халодныя стравы можна пачуць не толькі ў гімназіі.

Наогул жа, падлеткі вельмі не супраць магчымасці проста перакусіць у школе, з’есці смачную булачку ці піражок. Але наяўнасць буфета прадугледжвае выкананне шэрагу умоў, што на сёння зрабіць немагчыма.

На здымках: смачна есці, гімназісты!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Ела Маша кашу ці як харчуюцца школьнікі Ляхавіччыны

  • 22/10/2014 в 21:20
    Permalink

    У нас самыя прыгожыя дзецi )

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *