ІП зменяць статус бясшвова. У Ляхавіцкім раёне бізнесам займаюцца больш за 400 індывідуальных прадпрымальнікаў

1 кастрычніка 2024 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці», які ўносіць істотныя змены ў парадак ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. З прыняццем гэтага закона змяніліся ўмовы вядзення бізнесу, у першую чаргу для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Адным са знакавых змяненняў з’яўляецца тое, што дзяржаўная рэгістрацыя новых ІП з 1 кастрычніка 2024 года ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пералікам відаў дзейнасці, вызначаных пастановай
Савета Міністраў Беларусі ад 28 чэрвеня 2024 года № 457 «Аб відах індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці». Хто не ўвайшоў у гэты пералік, можа заставацца ў статусе індывідуальнага прадпрымальніка да 31 снежня 2025 года. Далей у ІП розныя варыянты: спыніць дзейнасць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка ці выбраць іншы від дзейнасці, які ўвайшоў у пералік, у спрошчаным парадку стварыць камерцыйную арганізацыю з адным заснавальнікам: таварыства з абмежаванай адказнасцю, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства ці іншае.
Для зручнага пераходу з ІП у арганізацыю распрацаваны так званы бясшвовы пераход. Ён даступны з кастрычніка 2024 года для створаных прыватных арганізацый з адным заснавальнікам. Сутнасць пераходу «без швоў» у тым, што індывідуальны прадпрымальнік пераводзіць свой бізнес у юрыдычную асобу без выканання звычайнай працэдуры рэгістрацыі і неабходнасці нанова атрымліваць дазволы і ліцэнзіі. Такім чынам працэдура пераходу займае менш часу і патрабуе меншых затрат, чым стварэнне новай юрыдычнай асобы. Пры «бясшвовым» пераходзе ІП па сутнасці пераўтвараецца ў юрыдычную
асобу, куды, у межах спецыяльна распрацаванай працэдуры, пераводзіць «сваю справу». Менавіта таму працэдура і называецца «бясшвовая», бо прадугледжвае, што змяненні ў відах дзейнасці для ІП не паўплываюць непасрэдна на прадпрымальніцкую дзейнасць. Асноўным адрозненнем і зручнасцю такой працэдуры з’яўляецца практычна поўны аўтаматычны пераход актываў, правоў і абавязкаў ад індывідуальнага прадпрымальніка да заснаванай ім камерцыйнай арганізацыі.
Для дзяржаўнай рэгістрацыі камерцыйнай арганізацыі індывідуальны прадпрымальнік павінен прадаставіць у рэгіструючы орган па месцы знаходжання арганізацыі (у Ляхавіцкім раёне на сёння гэта юрыдычны аддзел райвыканкама) неабходны пакет дакументаў. Ён уключае ў сябе заяву аб дзяржрэгістрацыі камерцыйнай арганізацыі; статут камерцыйнай арганізацыі ў двух экзэмплярах; арыгінал пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ІП або заява ІП аб яго страце.
Таксама дакументы для дзяржрэгістрацыі можна прадаставіць, звярнуўшыся да натарыуса ці электронна з дапамогай вэб-партала адзінага дзяржаўнага рэгістра.
Перад рэгістрацыяй неабходна ў абавязковым парадку ўзгадніць з рэгіструючым органам назву камерцыйнай арганізацыі.
Яшчэ адзін адметны момант. Рэгістрацыя ажыццяўляецца непасрэдна ў дзень звароту. Пры гэтым працэдура спынення
дзейнасці ІП не праводзіцца, а запіс аб выключэнні ІП з АДР уносіцца датай дзяржрэгістрацыі створанай ім камерцыйнай арганізацыі.
Падрабязная інфармацыя, як і прыкладны алгарытм дзеянняў пры пераходзе ІП у статус юрыдычнай асобы, размешчана на афіцыйных сайтах Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (economy.gov.by)
і Міністэрства па падатках і зборах (nalog.gov.by).
Звяртаю ўвагу індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных да 1 кастрычніка 2024 года, віды дзейнасці якіх не ўключаны ў пералік відаў дзейнасці, вызначаных пастановай Савета Міністраў «Аб відах прадпрымальніцкай дзейнасці», на неабходнасць загадзя звярнуцца ў рэгіструючы орган для дзяржрэгістрацыі камерцыйнай арганізацыі ў межах «бясшвовага»  пераходу.
Дзіяна РАМАНАВА,
галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама.

У Ляхавіцкім раёне бізнесам займаюцца больш за 400 індывідуальных прадпрымальнікаў. У сувязі з заканадаўчымі навацыямі 36 ІП да канца бягучага года павінны спыніць сваю дзейнасць ці перавесціся ў юрыдычную асобу. З 1 кастрычніка 2024 года і па сёння ў межах «бясшвовага» пераходу на Ляхавіччыне ў юрасобу перайшлі 6 індывідуальных прадпрымальнікаў.