Ліст з 2025-га ў 1945-ы. Праект «ЛВ» да 80-годдзя Вялікай Перамогі

Лісты, напісаныя праўнукамі і прапраўнукамі знаёмым і незнаёмым героям Вялікай Айчыннай вайны і старанна складзеныя ў ваенны трохвугольнік, не могуць пакінуць раўнадушным.
«ЛВ» і райкам КПБ напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі яшчэ раз пераглядзелі архіў акцыі «Пісьмо ветэрану».
Малевічу Аляксандру Іванавічу.
Прывітанне, мой дарагі і любімы прадзядуля Аляксандр! Дзякуй табе за мірнае неба, за маё цудоўнае дзяцінства.
Я ніколі цябе не бачыла, але нямала ведаю пра цябе. У тым ліку, па пажоўклых і нават патрэсканых ад часу фотаздымках, шматлікіх ордэнах і медалях. Усё гэта беражліва захоўваецца ў нашай сям’і. Бацька часта расказвае пра тое, як ты, дзядуля, ваяваў, як змагаўся з ворагам, якім быў героем-разведчыкам. Усе гэтыя гісторыі я ведаю на памяць. Як і тое, за якія подзвігі пры вызваленні Польшчы і ў баях у Германіі ты атрымаў свае высокія ўзнагароды – тры ордэны Славы – і стаў поўным кавалерам ордэна Славы.
Прадзядуля Аляксандр, я вельмі цябе люблю і ганаруся табой! Гэта ты разам з іншымі салдатамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі падарыў нам Вялікую Перамогу. Мы кожны год 9 мая адзначаем гэта вялікае свята.
Твая праўнучка Маша, аграгарадок Ліпск.
МАЦЮШЭНКУ Івану Ульянавічу.
Прывітанне, мой дарагі прапрадзядуля!
Так, ты прапрадзед ужо. Мінула столькі часу… У цябе вельмі вялікая сям’я: у дзяцей шмат унукаў, а ў унукаў – праўнукаў і прапраўнукаў. Але ўсе мы памятаем пра цябе, героя вайны, які аддаў сваё жыццё за свабоду не толькі сваёй краіны, але і сваёй сям’і.
Сёлета Беларусь адзначае юбілей Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але не думай,
што мы памятаем пра цябе толькі 9 Мая. Памяць пра цябе жыве ў нашых сэрцах пастаянна. Шкада, канешне, што ты не дажыў да Дня Перамогі. Але твой уклад у агульную Перамогу, канешне ж, бясспрэчны. Мы ўсе ганарымся, што ў нашай сям’і быў герой, які цаной свайго жыцця набліжаў гэты радасны дзень.
Я думаю, што ты, мой дарагі прапрадзядуля, таксама ганарыўся б і нашай вялікай сям’ёй, дзе ёсць і медыкі, і настаўнікі, і повары, і будаўнікі, і трактарысты… Усе заняты працай, якая прыносіць карысць нашай краіне. Ніхто з нашай сям’і не падвёў цябе. Мы прадоўжылі нялёгкі шлях, пачаты табой: зрабіць усё, каб наша краіна квітнела, развівалася і станавілася яшчэ прыгажэйшай.
Як твой нашчадак, я адчуваю асаблівы гонар, калі прымаю ўдзел у акцыі «Беларусь памятае» і нясу твой партрэт. Такая акцыя праходзіць каторы год у нашай школе. Мой родны чалавек, шчыра ўдзячна табе за чыстае неба, яркае сонца, за тое, што кожную вясну чую спеў птушак, любуюся першымі вясновымі кветкамі…
Вялікі дзякуй табе, мой дарагі прапрадзядуля, за маё шчаслівае дзяцінства!
З павагай да цябе, твая прапраўнучка Аліна МАЦЮШЭНКА.

