Біялагічная абарона і адказны падыход. Пытанні біялагічнай абароны, недапушчэнне асабліва небяспечных хвароб жывёл абмеркавалі на пасяджэнні раённага штаба

У райвыканкаме пад старшынствам кіраўніка раёна Мікалая Мароза адбылося пасяджэнне раённага штаба па прыняцці экстранных мер па папярэджанні афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных хвароб жывёл, у тым ліку бруцэлёзу. Удзел у нарадзе прынялі старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты раённых службаў (лясгаса, санітарнай і прыродаахоўнай службаў, РАУС, РАНС) і паляўнічых гаспадарак рэгіёна.
Абмеркаваны пытанні біялагічнай абароны аб’екта свінагадоўлі – ЗТАА «Белдан» у аг. Востраў, у тым ліку выкананне ветэрынарных правіл, устаноўленых актамі закандаўства, абарону ад асабліва
небяспечных захворванняў свіней, а таксама забеспячэнне біялагічнай абароны жывёлагадоўчых аб’ектаў і асабістых падсобных гаспадарак па недапушчэнні на тэрыторыі раёна ўзнікнення бруцэлёзу і іншыя.
У сувязі з гэтым галоўны ветэрынарны ўрач Ляхавіцкага раёна Павел Хевук яшчэ раз нагадвае правілы ўтрымання жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках:
– Афрыканская чума свіней у асабістых падсобных гаспадарках, сярод дзікоў – галоўная крыніца небяспекі для свінагадоўчых аб’ектаў. Мы маем справу з асабліва небяспечнай высокакантагіёзнай віруснай хваробай, што характарызуецца надзвычай хуткім распаўсюджваннем, гібеллю да 100 працэнтаў заражаных свіней і высокімі эканамічнымі стратамі.
Крыніцай хваробы з’яўляюцца свінні. Перадача віруса адбываецца праз непасрэдны кантакт здаровай жывёлы з хворай, а таксама праз прадукты харчавання, інфіцыраваныя кармы, подсціл, прадметы догляду, кляшчоў, грызуноў, птушку.
У сувязі з захаваннем напружанай абстаноўкі па АЧС Ляхавіцкая раённая ветэрынарная станцыя яшчэ раз нагадвае жыхарам раёна пра забарону ўтрымання свіней у асабістых падвор’ях грамадзян у населеных пунктах, размешчаных у радыусе двухкіламетровай буфернай зоны вакол свінакомплексу ЗТАА «Белдан» у аг. Востраў (Востраў, Гута і Падлаззе).
За дзеянні, што пацягнулі за сабой узнікненне ачагоў АЧС і яе распаўсюджванне, прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.