У суботу на работу талакой. Ляхавічане талакой выйшлі на генеральнае красавіцкае прыбіранне для навядзення парадку
Не толькі субота 12 красавіка, але і ўвогуле мінулы тыдзень прайшоў у Беларусі пад знакам суботніка. Энергічна, з прыўзнятым настроем, дружна і плённа папрацавалі жыхары Ляхавіцкага раёна ў Год добраўпарадкавання на рэспубліканскім суботніку

Землякі талакой выйшлі на генеральнае красавіцкае прыбіранне для навядзення парадку, на прыбіранне і азеляненне райцэнтра, аграгарадкоў і вёсак, тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, месцаў агульнага карыстання, двароў, вуліц і паркаў. З цвёрдай упэўненасцю, што дзякуючы ўсім нам Ляхавіччына стане яшчэ больш прыгожай і ўтульнай. Адчувалася, што некабінетнай працай, агульнымі памкненнямі землякі актыўна падтрымліваюць выдатную традыцыю рабочай суботы –
з усведамленнем важнасці і важкасці асабістага саўдзелу.
Пералічыць усе адрасы, дзе суботнічалі жыхары Ляхавіччыны розных узростаў, не хопіць і газетнай старонкі. Таму назавём толькі некаторыя аб’екты, дзе працавалі талакой. Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі ў знак пашаны і павагі да тых, хто перамог гітлераўцаў, і тых, хто загінуў у полымі Вялікай Айчыннай вайны, дарослыя, моладзь, школьнікі працавалі, наводзілі парадак, добраўпарадкавалі брацкія магілы і воінскія пахаванні.
Не адзін працоўны дэсант высадзіўся ў парку Грушаўка, каб навесці парадак пасля зімы. Узброіўшыся граблямі, венікамі, іншым інвентаром, землякі наводзілі парадак. Даволі шматлюдна ў другой палове дня 11 красавіка было ў скверы каля СШ № 2. Офісныя работнікі расчышчалі тэрыторыю ад спілаванага галля.
Справіліся добра. І гэта толькі пачатак!
Дзякуючы руплівым землякам яшчэ больш папоўніўся маладзенькімі зялёнымі насаджэннямі гарадскі парк
адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры. Не адзін дзясятак чалавек – кіраўнікі розных структурных падраздзяленняў райвыканкама, некаторых устаноў і арганізацый змянілі офісныя касцюмы на рабочую форму, а кабінетную работу на працу азеляніцеляў.
У пераліку добрых спраў – добраўпарадкаванне ўчасткаў паабапал дарогі і ў лясных масівах, уладкаванне клумбаў і малых архітэктурных формаў, навядзенне парадку на зоне адпачынку на рацэ Ведзьме і ў летніку «Чайка» і шмат чаго іншага.
Кожны з удзельнікаў генеральнага красавіцкага прыбірання,
у тым ліку і тыя, хто ў гэты дзень выходзіў на сваё працоўнае
месца, можа з чыстым сумленнем сказаць: гэта зрабілі мы!
Галіна КАНЬКО.
Па папярэдніх падліках, сёлета пасуботнічалі больш за 330 тысяч жыхароў Брэстчыны. Агульная сума пералічаных сродкаў на добрыя пачынанні склала 1 955 тысяч рублёў.
Свой уклад у справу дзяржаўнай важнасці ўнеслі
і ляхавічане. Больш за 6 тысяч землякоў былі задзейнічаны
на розных аб’ектах навядзення чысціні і парадку. А ў грашовым вымярэнні сума ў 28 тысяч рублёў – уклад жыхароў Ляхавіцкага раёна ў скарбонку суботніка.

