Ніколі больш! У кінатэатрах краіны зараз дэманструецца прэм’ера кінадылогіі пра генацыд беларускага народа. Убачыць дакументальную хроніку змогуць і ляхавічане
У кінатэатрах краіны зараз дэманструецца прэм’ера кінадылогіі пра генацыд беларускага народа. Убачыць дакументальную хроніку змогуць і ляхавічане.

Дакументальныя фільмы «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі» ўзрушылі да глыбіні душы. Паказальна, што кінадылогія – не мастацкі фільм, а выключна вынікі расследавання
крымінальнай справы аб генацыдзе, паказанні сведкаў – нашых беларусаў, якія прайшлі праз пекла вайны. Хаця нямала чытала і глядзела ваенных фільмаў, але сёння нават складана ўявіць, што такія здзекі над жывымі людзьмі былі наогул магчымы. Мой дзядуля, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, не любіў расказваць нам, унукам, пра тыя страшныя падзеі. Пасля прагляду кінадылогіі зразумела, чаму родны чалавек шкадаваў нас, дзяцей… А 9 Мая – Дзень Перамогі быў для яго самым вялікім і важным святам.
Дакументальныя факты, паказаныя ў фільмах, пацвярджаюць маштаб трагедыі і паказваюць моц і мужнасць нашых людзей, якія выстаялі, не скарыліся фашыстам.
Мы, нашчадкі пераможцаў, павінны гэта ведаць, каб ніколі ў жыцці не дапусціць паўтарэння трагедыі. Праўдзівыя, аб’ектыўныя факты пра генацыд беларускага народа наглядна пацвярджаюць, які крохкі мір, і як лёгка можна яго страціць. А на аднаўленне патрабуюцца дзясяткі гадоў і многія пакаленні. 2020 год нам прадэманстраваў, наколькі ў нас моцны Кіраўнік краіны – наш Прэзідэнт, які ўтрымаў Беларусь ад развалу, збярог нашу незалежнасць і стабільнасць. Мы шчаслівыя, што жывём у мірнай краіне пад чыстым
небам, радуемся дзецям, займаемся любімай справай, з аптымізмам глядзім
у заўтрашні дзень.
Наталля ІСАХАНАВА,
старшыня раённай арганізацыі
РГА «Белая Русь»

