Агонь знішчае ўсё на сваім шляху. Аўтаматызаваная сістэма «Лясны вартавы» выявіла пажар на тэрыторыі Востраўскага лясніцтва

Аўтаматызаваная сістэма «Лясны вартавы» днём 21 красавіка выявіла пажар на тэрыторыі Востраўскага лясніцтва. У ліквідацыі вогненнага здарэння прынялі ўдзел 23 работнікі падраздзяленняў лясгаса і некалькі адзінак тэхнікі.


Пад’езд да ачага пажару ўскладняла балоцістая мясцовасць. Больш за чатыры гадзіны ішла барацьба з агнём, і каля васьмі гадзін вечара пажар быў патушаны. Плошча, выпаленая агнём, удакладняецца. Але вядома, што пацярпела каля дзесяці гектараў лясных культур, расказала намеснік кіраўніка Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка і нагадала, што з 21 красавіка ў раёне ўведзена забарона на наведванне лясоў. Гэта азначае, што лес закрыты для наведвання, уезду транспартных сродкаў і распальвання вогнішча. За парушэнне забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
З пачатку года ў раёне зарэгістравана 100 за-гаранняў у экасістэмах, з якіх 12 – лясныя пажары, тры разы гарэлі тарфянікі, астатнія – узгаранні кустоўя і сухой расліннасці.
17 красавіка выратавальнікі тройчы выязджалі на тушэнне сухой травы. Аператыўныя дзеянні супрацоўнікаў РАНС дапамаглі выратаваць вёскі Цыгань і Меляхі, якія маглі пацярпець з-за гарэння сухой травы ў пойме ракі Шчары.
Выпальванне сухой травы ў Ліпску і Падлессі напачатку сакавіка стала прычынай узгарання гаспабудоў. Усяго зарэгістравана восем такіх здарэнняў, адзначыў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Жаданне хутка прыбраць траву з дапамогай агню часта прыводзіць да бяды: гарыць дом, знішчана маёмасць, церпяць людзі… Выпальванне сухой расліннасці – адміністрацыйнае правапарушэнне, за якое прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, што складае ад 420 да 1 260 рублёў.
Развядзенне вогнішча ў забароненым месцы цягне штраф да 12 БВ.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.