У чаканні тамографа. У Ляхавіцкай райбальніцы чакаюць высокатэхнічную сучасную медыцынскую абноўку

Яшчэ некалькі гадоў назад гэта было толькі марай. А сёння адназначна стала рэальнасцю. Размова пойдзе пра высокатэхнічную сучасную медыцынскую абноўку, якую так чакае не толькі  УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ», але і жыхары раёна.
– Камп’ютарны тамограф – не проста абноўка, а неабходны набытак, які стане істотным зрухам у дыягностыцы самых складаных хвароб. Што, адпаведна, паўплывае на больш дакладную пастаноўку і ўдакладненне дыягназу, своечасовае прызначэнне лячэнне, яго карэкціроўку. На Брэстчыне ідзе істотнае папаўненне парку камп’ютарных тамографаў. Удзячны кіраўніцтву Ляхавіцкага раёна, галоўнаму ўпраўленню аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама за падтрымку і дапамогу, – адзначае галоўны урач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.


Перш чым камп’ютарны тамограф зоймецца сваёй асноўнай справай, неабходна падрыхтаваць памяшканне, каб яно адпавядала стандартам, а таксама забяспечыць медустанову высокакваліфікаванымі кадрамі.


– Адпаведнае перанавучанне праходзіць урач-рэнтгенолаг, павышаюць кваліфікацыю фельчары-лабаранты. Акрамя таго, у нас выдатны спецыяліст – загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення Сяргей Памазанскі, які мае практыку работы на такім апараце, – удакладняе Георгій Хлябовіч.
– Канешне, калектыў аддзялення рады такой абноўцы ў медыцынскім абсталяванні. Важна, што КТ стане істотным зрухам у дыягностыцы хвароб розных органаў і сістэм: сардэчна-сасудзістай, нервовай, дыхальнай і іншых. Адпадзе неабходнасць адпраўляць жыхароў раёна на тэрміновае і планавае абследаванне ў іншыя медустановы краіны. Амаль пяць гадоў працую на КТ, таму на ўласным вопыце магу сказаць – камп’ютарны тамограф – адзін з самых неабходных апаратаў-дыягностаў, – гаворыць Сяргей Памазанскі.
Галоўны ўрач ЦРБ расказаў, што камп’ютарны тамограф будзе прымаць пацыентаў не толькі з Ляхавіцкага раёна, але і з Ганцавіцкага,
а таксама пры неабходнасці і з Баранавіцкага рэгіёна.
Для КТ створаны выдатныя ўмовы. У памяшканнях капітальна адрамантаваны столь, падлога, сцены. Новая мэбля усталявана ў кабінетах, санітарных пакоях – усё для камфорту пацыентаў і персаналу. Зусім хутка прыбудзе ў райбальніцу і камп’ютарны тамограф. «ЛВ» будзе і далей трымаць землякоў у курсе падзей, звязаных з устаноўкай КТ.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва ЦРБ.