Ліст з 2025-га ў 1945-ы. «ЛВ» і райкам КПБ напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі яшчэ раз пераглядзелі каштоўны і шчымлівы архіў акцыі «Пісьмо ветэрану»

Лісты, напісаныя праўнукамі і прапраўнукамі знаёмым і незнаёмым героям Вялікай Айчыннай вайны і старанна складзеныя ў ваенны трохвугольнік, не могуць пакінуць раўнадушным.
«ЛВ» і райкам КПБ напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі яшчэ раз пераглядзелі каштоўны і шчымлівы архіў акцыі «Пісьмо ветэрану».

Мой любімы прадзядуля Міхась!
Звяртаецца да цябе твой праўнук Аляксей. Мне вельмі хочацца падзяліцца з табой сваімі пачуццямі радасці, шчасця, бесклапотнасці і нашай прыгожай вясны – з чыстым мірным небам, дрэвамі ў новым зялёным адзенні, яркім сонцам, шчырымі дзіцячымі ўсмешкамі. Гэта тое, што я бачу штодня. Гэта тое, дзеля чаго ты, мой дзядуля, калісьці так рана пасталеў. Табе было ўсяго 17 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.
Ты прайшоў цяжкі шлях сапёра, вызваляючы ад фашыстаў Беларусь, Прыбалтыку, Польшчу. І тваё жыццё неаднойчы стаяла на мяжы са смерцю.
У мірны час для сваіх родных і блізкіх ты заўжды быў добрым, надзейным, спагадлівым, працавітым.
Шмат разоў пераглядваю здымкі ў сямейным фотаальбоме, ты заўжды на мяне глядзіш такі прыгожы, з медалямі і ордэнамі. Але, на жаль, гэта ўсяго толькі фотаздымкі.
Моцна трымаць цябе за руку, крочыць разам на зайздрасць маім сябрам – гэта толькі мара, якой ніколі не збыцца. Цяпер ты
сярод сваіх баявых таварышаў – загінулых на вайне ці памерлых пасля яе.
Вы разам абаранялі нашу Радзіму ад ворага. Прадзядуля Міхась, ты мой гонар, прыклад для нашага пакалення. Заўжды буду раўняцца на цябе, мой прадзядуля!
Дзякуй табе за жыццё, за Радзіму, за Перамогу!
Аляксей Жукоўскі, вучань СШ № 2 г. Ляхавічы.

