Узяць жывёлагадоўлю «за рогі». Мінула ўжо некалькі гадоў, як у жывёлагадоўлі Ляхавіччыны пачалася даволі тэмпавая перабудова

Другі год гэта галіна сельскай гаспадаркі раёна працуе па нарастаючай. З месяца ў месяц падрастае і колькасна, і якасна, і гандлёва, і ў плане паляпшэння сваёй матэрыяльна-вытворчай базы.

Верагодна, факт паляпшэння матэрыяльна-вытворчай базы варта адзначыць як адзін з ключавых па ўздзеянні на ўсю сітуацыю ў гэтай важнай галіне, паколькі ўмовы ўтрымання жывёльных гуртоў ляжаць у аснове іх прадукцыйнасці. Вялікая розніца – трымаць карову ў скучаным, «паўсляпым», бедным на паветра хляве ці сучасным памяшканні, дзе і прастор, і святло, і фактычна неабмежаваны доступ паветранай свежасці. Разам са збалансаваным рацыёнам усё пералічанае з’яўляецца асновай фізіялагічнага і, адпаведна, вытворчага здароўя каровы.
Мінула ўжо некалькі гадоў, як у жывёлагадоўлі Ляхавіччыны пачалася даволі тэмпавая перабудова. Новыя фермы-комплексы,
рэканструяваныя да ўзроўню апошніх колішнія непрэзентабельныя
памяшканні дабавіліся ў «Ляхавіцкім», «Жарабковічах», «Шляху новым», «Ліпнянцы». Калі не з дня на дзень, то з тыдня на тыдзень
чакаецца адкрыццё новай фермы ў ААТ «Нача». І так далей, працяг абавязкова будзе, ён ужо закладзены ў перспектыўныя планы.
«Перабудовы» ў кармленні жывёльных гуртоў наступілі разам з пашырэннем у раёне пасяўных плошчаў люцэрны. Дзякуючы высокапратэінавай і шматразова ўраджайнай сельгас-
культуры гурты буйной рагатай жывёлы атрымалі і якасць травяністага корму, і паўнату яго аб’ёмаў. Нельга не сказаць і пра паляпшэнне работы аграрыяў у ходзе корманарыхтоўкі. Мэта – якасць канчатковага прадукту.
А цяпер лічбы ў тым ліку і тыя, што адсутнічаюць у прадстаў-
ленай інфармацыйнай табліцы, але на якія звярнуў увагу першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.

За апошні год раённы гурт буйной рагатай жывёлы павялічыўся на 918 галоў і, па стане на 1 красавіка, склаў 31 292 галавы. За гэты ж
перыяд колькасць кароў у гаспадарках раёна вырасла на 708 асобін і мала чаго не дасягнула 11 тысяч галоў у сумарным падліку.

Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што «па каровах» прыбавілі ўсе сем сельскагаспадарчых арганізацый раёна: дзе некалькі адзінак, а дзе і некалькі дзясяткаў адзінак, але найбольш значны рост гуртоў кароў адзначаны ў СУП «Ліпнянка» і ААТ «Шлях новы». Гадавая прыбаўка першых склала 501 галаву, у акцыянерным прадпрыемстве гэты паказчык вырас на 68 адзінак.
Думаецца, што тэндэнцыю на пашырэнне жывёльных статкаў патрэбна разглядаць у кантэксце больш эфектыўнай работы нашых жывёлаводаў і кіраўніцтва сельгасарганізацый у пытаннях па ўзнаўленні статкаў. Іменна названы напрамак гэтай работы даволі часта станавіўся тэмай для крытыкі.
За першы квартал года вытворчасць малака ў раёне ледзь не выйшла на 20 000-тонную велічыню. У параўнанні
з базай мінулага года рост склаў 16 з паловай працэнтных пунктаў.
Павышэнне валавой вытворчасці малака адзначана ў шасці з сямі ляхавіцкіх гаспадарак. Нягледзячы на факт падзення мінулагодніх тэмпаў, калі месячны рост валавых надояў адрозніваўся ад базавых паказчыкаў у разы, па выніках сакавіка бягучага года вал вытворчасці малака ў «Ліпнянцы» падняўся больш як на 64 працэнты і застаецца
самым дынамічным сярод сельгасарганізацый раёна.
Прадаўжае пагоню за гаспадаркамі-лідарамі СУП «Белазем’е», чый тэмп росту валавой вытворчасці малака ў сакавіку вызначаецца 132 працэнтамі. На трэцім месцы гэтага рэйтынгу знаходзіцца ААТ «Шлях новы», чый сакавіцкі тэмп росту выйшаў на 128 працэнтаў.
Да паўнаты гутаркі адносна стану жывёлагадоўлі «Шляху новага» неабходна дадаць важныя словы: па выніках сакавіка бягучага года ўдойнасць сярэдняй каровы гаспадаркі зусім крыху не дасягнула да 1,6 тысячы кілаграмаў малака. Таксама, па словах Васілія Пыжыка,
некалькі павысілася яго таварнасць і на шэсць з паловай
працэнтных пунктаў паказчык яго якасці. Пры гэтым ён працягвае заставацца адным з самых невысокіх сярод прадпрыемстваў нашага раёна: удзельная вага малака, рэалізаванага гатункамі
экстра і вышэйшым, у мінулым месяцы склала ў «Шляху новым»
крыху больш за сціплыя 80 працэнтаў. Аднак і ў гэтым пытанні адзначаецца прывабны дынамізм:
па выніках першага месяца каляндарнай вясны ён падняўся больш як на шэсць працэнтаў.
Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме – гэта ў тым ліку і перспектыва большых надояў. Самым унушальным названы паказчык працягвае заставацца ў «Ляхавіцкім». Больш як 700 грамаў на галаву ў суткі ён складае ў «Белазем’і» і «Жарабковічах». Па выніках сакавіка «Шлях новы» падняў
яго больш як на сотню адзінак – да 680 грамаў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.