Як трапіць у «Чайку»? Чытач адрасаваў у рэдакцыю пытанне наконт набыцця пуцёўкі ў лагер «Чайка»
Наш чытач адрасаваў у рэдакцыю пытанне наконт набыцця пуцёўкі ў лагер «Чайка»: «Другі год запар не можам набыць пуцёўку ў лагер. На лета дзеці прыязджаюць да бабулі ў ваш раён і даведаліся, што ёсць такі лагер. Вельмі захацелі адпачыць там. Аднак нам пастаянна адказваюць, што пуцёвак няма. Так было летась. Сітуацыя паўтарылася і сёлета».

За каментарыем «ЛВ» звярнуўся да намесніка начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марыны Глушко. Яна расказала, што сёлета за пяць змен у «Чайцы» адпачнуць і аздаравяцца 420 хлопчыкаў і дзяўчынак. Пры размеркаванні пуцёвак, якое пачынаецца звычайна напрыканцы сакавіка – у пачатку красавіка, прыярытэт аддаецца заяўкам мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый. Самыя папулярныя – другая і трэцяя змены, таму пуцёўкі хутка раскупляюцца. Ільготамі карыстаюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды.
Намеснік галоўнага бухгалтара цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Алена Захаранка адзначыла, што, згодна з пастановай Савета Міністраў ад 15 чэрвеня 2024 года № 509 «Аб арганізацыі аздараўлення дзяцей у адукацыйна-аздараўленчых цэнтрах, выхаваўча-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагерах», законныя прадстаўнікі могуць набыць пуцёўку, пры яе наяўнасці, свайму дзіцяці-навучэнцу з патанненнем. Дзяржаўная датацыя сёлета складае 285 рублёў.
Кошт пуцёўкі для бацькоў вар’іруецца ў залежнасці ад узросту дзіцяці
ад 272 да 281 рубля. Частку расходаў з гэтай сумы па традыцыі бяруць на сябе прадпрыемства ці арганізацыя, дзе працуюць бацька ці маці школьніка. На сёння ў «Чайку» маюцца пуцёўкі на першую і пятую змены. Для набыцця пуцёўкі можна прыйсці і напісаць заяву ў аддзеле па адукацыі райвыканкама ці ў цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Першая змена пачнецца з 2 чэрвеня і прадоўжыцца да 16 чэрвеня, пятая – з 9 па 23 жніўня.
Наталля ПЕРАПЕЧКА

