Усе пытанні важныя і актуальныя. У Ляхавіцкім раёне працаваў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка

На Брэстчыне 5 мая адбыўся адзіны дзень прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання.

У Ляхавіцкім раёне працаваў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка, які ў райвыканкаме правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. На прыём звярнуліся восем чалавек. Пытанні, што ўздымалі жыхары Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Клецкага, Дзяржынскага раёнаў, тычыліся аховы здароўя, атрымання групы інваліднасці, будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, прававых аспектаў і іншых тэм, насілі як асабісты, так і грамадскі характар. Кожны зварот быў уважліва выслуханы і падрабязна разгледжаны.

Дэпутат Конькаўскага сельскага Савета дэпутатаў Кацярына Брэчка звярнулася да Сяргея Хаменкі ад імя жыхароў вёскі Дарава-Чыж. Сутнасць праблемы ў тым, што плануецца закрыццё адзінага ў вёсцы магазіна, які знаходзіцца ва ўласнасці філіяла «Ваенсэрвіс» г. Баранавічы РУП «Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны Беларусі». Без стацыянарнага магазіна ў населеным пункце з больш чым 260 жыхарамі (з якіх 70 – пенсійнага ўзросту), і гэта без ўліку ваенна-служачых тутэйшай вайсковай часці, будзе цяжка. Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз, які прыняў удзел у прыёме, расказаў, што раённая ўлада ведае праблему і імкнулася вырашыць пытанне станоўча. Была арганізавана сустрэча з вяскоўцамі, разглядаўся варыянт запусціць работу аўталаўкі. Аднак гэта не выйсце, бо колькасць жыхароў значная, і магазін на колах з задачай якаснага гандлёвага забеспячэння не справіцца. Яшчэ варыянт – перадача будынка магазіна ў арэнду новаму гаспадару. Аднак тут нямала нюансаў у плане афармлення арэнды.

– Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што комплекс-
нае развіццё вёскі – адзін з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі Беларусі. Жыхары сельскай мясцовасці павінны мець тыя ж магчымасці, што і гараджане. Відавочна, што для Дарава-Чыж з такой
колькасцю насельніцтва, плюс ваеннаслужачыя, магазін – гэта і месца камунікацыі першай неабходнасці, – рэзюмаваў Сяргей Хаменка. Пытанне было вырашана літаральна на месцы. Як запэўнілі ў Міністэрстве абароны, магазін ад «Ваенсэрвіса» ў Дарава-Чыж будзе працаваць як мінімум да студзеня 2026 года. Далей пытанне будзе на кантролі.
– Вельмі задаволены, як разглядаўся і вырашаны наш калектыўны запыт. Дзякуй раённай уладзе, якая адразу адгукнулася на нашу праблему. Яшчэ магазін працаваў, а ўжо ў вёску прыязджала аўталаўка. Было прыемна, што і на прыёме ў намесніка Старшыні Савета Рэспублікі нас пачулі і назвалі тэму важнай. І, канешне, вялікі дзякуй Сяргею Хаменку ад імя ўсіх жыхароў Дарава-Чыж за станоўчае вырашэнне. Такія прыёмы вельмі патрэбныя, – гаворыць Кацярына Брэчка.
Чарговы зварот неабыякавага ляхавічаніна тычыўся будаўніцтва ў Ляхавічах басейна, дакладней, аказання садзейнічання ў выдаткаванні фінансавання на ўзвядзенне гэтага аб’екта. Кіраўнік раёна Мікалай Мароз патлумачыў, што ўжо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, а непасрэдна будаўніцтва басейна пачнецца ў 2026 годзе за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Пытанне таксама будзе трымацца на кантролі.
Аб выдзяленні фінансавання на праектаванне шматкватэрнага жылога дома з убудаваным у яго цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі – з такой просьбай звярнулася дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская. Сяргей Хаменка нагадаў, што ў Беларусі асаблівая ўвага надаецца падтрымцы найбольш сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян, іх адаптацыі ў грамадстве, інклюзіі, таму прапанова будзе ўважліва вывучана. Сяргей Хаменка падкрэсліў, выдатна, што ёсць такія нераўнадушныя людзі, якія клапоцяцца пра іншых, пра стварэнне дастойных умоў для сваіх землякоў.
– Савет Рэспублікі – орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Важна ведаць праблемы, якія хвалююць жыхароў краіны ў розных рэгіёнах. Прадстаўнікі ўлады розных узроўняў з вялікай адказнасцю падыходзяць да разгляду такога кшталту зваротаў – усе яны слушныя. Іншы раз даводзіцца звяртацца да кіраўнікоў профільных устаноў з просьбай растлумачыць тое ці іншае пытанне. Вось чаму такія важныя і эфектыўныя адзіныя дні прыёму грамадзян. Такая практыка становіцца традыцыйнай, пацвярджае сваю неабходнасць і запатрабаванасць, – адзначыў Сяргей Хаменка.
Вынікі адзінага дня прыёму грамадзян будуць падведзены і абмеркаваны на агульным пасяджэнні ў Савеце Рэспублікі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.