Мой дарагі дзядуля, помнім і ганарымся! Ірына Прыступа-Юнік, дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа
Сёння у 80 раз Беларусь святкуе Перамогу. Зусім мала тых людзей, якія рэальна ўдзельнічалі ў вайне як салдаты, падпольшчыкі ці партызаны, таму што ўзрост іх павінен пераваліць стогадовы рубеж. Але хочацца верыць, што святочны момант юбілею Перамогі яны падзеляць разам з намі, знаходзячыся ў нябёсах. Салдаты жывуць, пакуль іх памятаюць. Памятаем кожнага, хто загінуў, быў скалечаны, вярнуўся дамоў здаровым і адбудоўваў краіну, забяспечваючы нашу светлую будучыню.

У кожнай беларускай сям’і ёсць свой герой і нават не адзін. Наш –Анатолій Захаравіч Чэшка, мой дарагі дзядуля. Як не хапае яго добразычлівасці і гасціннасці, цікавых аповядаў і філасофскіх разважанняў, прыгожага спеву і проста прысутнасці. Толькі страціўшы, пачынаеш разумець цану страты. Папракаю сябе, чаму нечага ад дзеда Толіка не даслухала, не занатавала, не спытала… Які бясцэнны быў жыццёвы вопыт мамінага бацькі, як многа ён перажыў і пераадолеў!

Дзед быў прызваны ў армію ўжо пасля вызвалення Беларусі. Вайсковая пасада — вылічальнік гаўбічнага артылерыйскага палка. Быў кантужаны. Дайшоў да Германіі. Меў узнагароды.
Дзядуля Толік ніколі не карыстаўся сваім статусам ветэрана. Разам з усімі стаяў і сядзеў у чэргах, не выстаўляў на паказ медалі. Ён проста жыў і працаваў на зямлі. Урэзаліся ў памяць яго і бабуліны словы: “Дзетачкі, каб толькі не было вайны”. Іх і я паўтараю сваім дзецям, і як зараз яны актуальна гучаць. Хай споўніцца жаданне многіх мільёнаў людзей, маіх родных бабулі і дзеда, каб ніколі больш не было вайны! Міру нам і спакою!


