Як ляхавічане губляюць грошы з-за махляроў. Ляхавічанка ў інтэрнэце пазнаёмілася з мужчынам, які прадставіўся сірыйскім ваеннаслужачым

Карыслівы давер

Аферысты становяцца ўсё больш вынаходлівымі,выкарыстоўваюць фэйкавыя акаўнты і імітуюць дзейнасць розных арганізацый.

Ляхавічанка 1978 г. н. у інтэрнэце пазнаёмілася з мужчынам, які прадставіўся сірыйскім ваеннаслужачым. Праз месяц сяброўства ён выказаў жаданне прыехаць у госці і абяцаў перавесці ёй грошы, якія яму павінны выплаціць у сувязі з выхадам на пенсію.
Па словах інтэрнэт-знаёмца, пасылку ён адправіў з дапамогай прадстаўніка грамадскай арганізацыі, але для паскарэння дастаўкі трэба аплаціць розныя пошліны. З 20 па 25 сакавіка ляхавічанка з банкаўскай карткі на замежныя рэквізіты перавяла ў чатыры прыёмы каля 2 000 рублёў. Але для «руху пасылкі» патрабаваліся яшчэ сродкі. І толькі дзякуючы родным ляхавічанка зразумела, што трапіла на вуду аферыста. Пацярпелая звярнулася ў міліцыю.

Жыхару Ляхавіцкага раёна па тэлефоне паведамілі, што яму трэба замяніць вадзяны лічыльнік, і папрасілі прадаставіць пашпартныя даныя.
Наступны тэлефонны суразмоўца паведаміў, што папярэдні званок быў ад махляроў, і па яго пашпартных даных ужо ўзялі крэдыт. Каб яго адмяніць, неабходна асабіста аформіць крэдыт у банку. Што жыхар аграгарадка і зрабіў. Затым па прадастаўленых махлярамі рэквізітах спрабаваў перавесці праз банкамат 3 500 рублёў. Але аперацыя не праходзіла, і ў выніку банк заблакіраваў рахунак. Райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу.

Супрацоўнікі РАСК нагадваюць: ніколі не паведамляйце незнаёмцам пашпартныя даныя, коды, нумары пасведчанняў па тэлефоне.
А калі вам паведамляюць пра ўжо аформлены крэдыт – варта самастойна звярнуцца ў банк па афіцыйным нумары.
Абавязкова правярайце акаўнты і сайты перад аплатай, вывучайце гісторыю акаўнта (дату рэгістрацыі, водгукі, рэальныя фота). Не пераходзьце па падазроных спасылках і не ўводзьце там свае даныя.
У нашай краіне з’явіўся ўнікальны сайт «Проверь.бел», дзе можна праверыць акаўнт на махлярства.

Дыскі з гісторыяй

Сям’і ляхавічан спатрэбіліся аўтамабільныя дыскі, якія і знайшлі ў Instagram-акаўнце з адпаведнай рэкламай. Напісалі прадаўцу і ў адказ атрымалі варыянты тавараў, якія нібыта былі ў наяўнасці. Наш зямляк выбраў тавар і цалкам аплаціў яго авансам – сума склала больш за 1 600 рублёў. Сродкі перавёў на ўказаны грашовы рахунак праз сістэму АРІП. Прадавец запэўніў, што гэта вельмі выгадна, а калі тавар не спадабаецца, то кур’ер абавязкова верне грошы.
Пасля таго, як прадавец перастаў выходзіць на сувязь, ляхавічанін знайшоў у інтэрнэце водгукі на гэты акаўнт, і яны пацвердзілі, што ён фэйкавы.
Як стала вядома пазней, для сваіх шэрых схем махляры выкарысталі рэквізіты чалавека, які да продажу дыскаў не меў ніякага дачынення.
Па фактах махлярства РАСК узбудзіў крымінальныя справы.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.