Сялянска-фермерскі агарод. У Ляхавіцкім раёне запланавана калі не выйсці, то наблізіцца да сяўбы-пасадкі 50-гектарнага кліна агароднінных культур
Мінулі часы, калі морквай, капустай, чырвонымі буракамі і некаторымі іншымі традыцыйнымі для Беларусі відамі агародніны займаліся многія сельскааспадарчыя прадпрыемствы Ляхавіччыны. Яшчэ пару дзясяткаў гадоў назад «свой агарод» мелі ледзь ці не ўсе калгасы-саўгасы. Узгадваецца,як восенню за дадатковым рублём і бонуснай «адзінкай» прадукцыі на дапамогу сельскім працаўнікам ва ўборцы, напрыклад, морквы адпраўлялася
гарадское насельніцтва. Па большай частцы праца з’яўлялася ручной, дастаткова напружанай.
Сёння ўжо няма ні тых салідных агародных плошчаў, ні тых працоўных дэсантаў.
– Зараз вырошчваннем агароднінных культур у раёне займаюцца, як правіла, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі. Выключэннем можа служыць хіба толькі ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», для якога вырашчанае служыць сыравінай для ўласнай перапрацоўкі, – гаворыць галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ігар Яварчук.
Акрамя асартыменту зяленіва, у бягучым годзе на падсобных палях кансервавага прадпрыемства знайшлося месца шасці гектарам морквы, шасці гектарам кабачкоў, пяцігектарныя плошчы адведзены пад сталовыя буракі і столькі ж пад цыбулю.
Размешчанае ў ваколіцах вёскі Альхоўцы ТАА «Яблыневы Пасад», апроч сваёй «брэндавай» прадукцыі, у гэтым годзе плануе вырошчваць нетрадыцыйную ў нашых шыротах спаржу. Як патлумачылі ў райсельгасхарчы, гэта травяністая агародніна бывае некалькіх відаў. Самай папулярнай разнавіднасцю з’яўляецца спаржа зялёная. Убіраюць агародніну звычайна ў канцы мая – чэрвені, пакуль парасткі не паспелі набыць жорсткасць, захоўваюць харчовую і смакавую далікатнасць.
Уборка ажыццяўляецца ўручную, ад чаго «цэннік» на названы прадукт немалы. Аднак, па меркаванні асобных знаўцаў гэтага пытання, прадукт варты сваіх грошай. Ва ўгоддзях «Яблыневага Пасаду» размешчана пяць гектараў гэтай травы-агародніны.
Пасадкі капусты з’явяцца на палетках СФГ «Машэй М. В.» і ФГ «Ліпнянка-Агра». Названая апошняй фермерская гаспадарка мяркуе таксама вырасціць каля трох гектараў чырвоных буракоў, а, па словах Ігара Яварчука, частка палеткаў фермера Машэя павінна набыць таматны колер і смак. Частку палёў СФГ «Сяляначка»,
размешчаных непадалёку ад вёскі Нівішча, плануецца аддаць пад пасевы морквы, а СФГ «Улазавічы», упаўне верагодна,
у канцы лета парадуе ляхавічан салодкім перцам са свайго агарода.
Сяўбу-пасадку, развіццё агародніны стрымала халоднае надвор’е. Неласкавы май працягваецца, і, нягледзячы на гэтую яго сёлетнюю адметнасць, у раёне працягваецца фарміраванне агародаў. Так што прыведзеныя ў гэтым артыкуле лічбы і найменні нельга лічыць абсалютнымі.
Іван КАВАЛЕНКА.

