Калі спорт – гэта жыццё

Для іх спорт не толькі любімая прафесія, захапленне, а цэлае жыццё. Першыя крокі на бегавых дарожках, стадыёнах, татамі рабілі, калі яшчэ самі былі школьнікамі. І ўжо шмат гадоў яны вучаць юных землякоў пакараць спартыўныя вяршыні, заваёўваць у сумленнай барацьбе медалі, кубкі, прызавыя месцы, праяўляць спрыт, вытрымку, смеласць. У кожнага з іх вялікая каманда выхаванцаў не аднаго пакалення. І, без перабольшвання, для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак яны не проста трэнеры, настаўнікі, але і блізкія па духу людзі, да якіх заўжды можна звярнуцца з любымі пытаннямі і пачуць на іх адказ, а яшчэ атрымаць падтрымку і слушную параду. Яны самыя вопытныя трэнеры-выкладчыкі Ляхавіцкай ДЮСШ: па лёгкай атлетыцы –
Алена Ульянава і Андрэй Іванюценка, па футболе – Васілій
Бут-Гусаім, па дзюдо – Віктар Богуш.


– Гэта залаты трэнерскі фонд нашай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Кожны з іх мае больш чым 25-гадовы стаж работы ў Ляхавіцкай ДЮСШ. Трэба бачыць, як яны займаюцца з выхаванцамі, як знаходзяць ключык да дзіцяці! У кожнага свая методыка, свой падыход да трэніровак. Але агульнае – уменне знайсці кантакт з дзецьмі, зацікавіць іх трэніровачным працэсам, знайсці неабходныя словы, каб падтрымаць і даць веру ва ўласныя сілы, – расказвае дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч, якая і сама працуе ў спартшколе з 2002 года.

Знаўца сакрэтаў каралевы
Больш за тры дзесяцігоддзі пад пільным кіраўніцтвам
Алены Ульянавай хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца карале-
вай спартыўных дысцыплін – лёгкай атлетыкай. Вопытны трэнер-прафесіянал ведае многія лёгкаатлетычныя сакрэты і ахвотна дзеліцца імі са сваімі выхаванцамі.
– Для мяне гонар працаваць на сваёй малой радзіме. Тут я рабіла першыя крокі ў спорце, займалася пад кіраўніцтвам выдатных трэнераў Івана Юрлевіча і Андрэя Куркача. Менавіта Андрэй Барысавіч Куркач прывёў мяне на маю любімую дысцыпліну –
бег з бар’ерамі – і навучыў многім тонкасцям гэтага віду лёгкай атлетыкі, – гаворыць Алена Ульянава.
Яна з задавальненнем узгадвае сваіх самых таленавітых і паспяховых выхаванцаў розных гадоў – Лізавету Кандрацьеву, Крысціну Гачко (членаў нацыянальнай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы), Ангеліну Сліву, якія дастойна выступалі на бегавых дарожках спартакіяд, чэмпіянатаў.
Амаль штодня трэнер-выкладчык спяшаецца ў ДЮСШ на сустрэчу са сваімі падапечнымі: у чатырох групах займаецца больш за 40 юных лёгкаатлетаў. І да кожнага ў трэнера індывідуальны падыход, сваё важкае і шчырае слова, якое дапамагае ў трэніроўках і падчас спартыўных стартаў.


Сіла ў выхаванцах
Дзясятак секунд ад старту да фінішу на кароткай дыстанцыі. А за гэтымі імгненнямі сотні гадзін напружаных трэніровак. Але тым больш важкія перамогі. Нялёгкі шлях многія юныя лёгкаатлеты Ляхавіцкага раёна праходзяць разам са сваім любімым трэнерам Андрэем Іванюценкам. Разам з Аленай Ульянавай яны падрыхтавалі і вывелі ў вялікі спорт Дзмітрыя Равінскага, якому належыць вышэйшае дасягненне Беларусі сярод юніёраў-лёгкаатлетаў. Таксама пад іх кіраўніцтвам поспехаў дасягаў удзельнік чэмпіянату свету сярод юніёраў Максім Падзіна. Усяго дуэт трэнераў даў пуцёўку ў спорт высокіх дасягненняў каля 30 прызёрам чемпіянатаў Беларусі. У 2022 годзе каманда ляхавіцкіх лёгкаатлетаў пад кіраўніцтвам вопытных Алены Ульянавай і Андрэя Іванюценкі і іх маладога калегі Рамана Станчыка вярнулася дадому з золатам рэспубліканскай спартакіяды сярод ДЮСШ і СДЮШАР.
Дарэчы, Андрэй Іванюценка ў лёгкай атлетыцы 43 гады. Ён чэмпіён Беларусі сярод юнакоў і сярэбраны прызёр першынства СССР у бегу на 100 метраў.

Трэнер чэмпіёнаў татамі
Дзюдо і самба для Віктара Богуша – любімыя віды спорту яшчэ са школы. Працягваў займацца імі ў секцыі і калі вучыўся ў Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме. Як сам сцвярджае, прыкладам у спорце і адносінах да жыцця былі трэнеры. І вось ужо чвэрць стагоддзя ён сам з’яўляецца прыкладам для сваіх выхаванцаў. Неаднойчы прызнаваўся лепшым трэнерам Ляхавіцкай ДЮСШ. Партрэт Віктара Богуша быў занесены на раённую Галерэю славы, а па выніках 2023 года ён удастоены ганаровага звання «Чалавек года» ў намінацыі «адукацыя, фізічная культура, спорт і турызм». Пераможца адкрытага чэмпіянату Еўропы Кацярына Рабцэвіч, неаднаразовы прызёр чэмпіянату Еўропы Уладзіслаў Цярпіцкі, бронзавы прызёр ІІ Гульняў краін СНД Эмілія Ксёнжык – далёка не поўны пералік ляхавіцкіх дзюдаістаў, якія перамагалі і прадаўжаюць атрымліваць вікторыі на самых прэстыжных спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. І ў многім – дзякуючы трэнерскаму таленту Віктара Богуша.
– Немагчыма, каб усе станавіліся чэмпіёнамі. Важна, што спорт
выхоўвае такія якасці, як вытрымка, сіла, надзейнасць, робіць
чалавека актыўным і здаровым. Прыемна, калі выхаванцы Ляха-
віцкай ДЮСШ перамагаюць на розных спартыўных спаборніцтвах і ў іх гонар гучыць гімн Беларусі, –  адзначае Віктар Богуш.

У футбол гуляюць усе!
Ляхавіччына футбольная ў многіх асацыюецца з трэнерам-
выкладчыкам Васіліем Бут-Гусаімам. Футбольны настаўнік на трэнерскім мосціку ўпэўнена стаіць амаль тры дзесяцігоддзі, а футболам займаецца больш за 40 гадоў. Не такія далёкія часы, калі ляхавіцкія юныя футбалісты Дзмітрый Пішч, Максім Сліва, Аляксандр Тарасевіч, Сяргей Галіцкі, Яўгеній Бурак, Антон Яварчук, Раман Дуганаў, Раман Наздрын, Міхаіл Літвіновіч паспяхова гулялі ў футбол у складзе адной з лепшых футбольных каманд Брэстчыны – «Граніт» (Мікашэвічы). Клуб быў пераможцам маладзёжнага першынства Рэспублікі Беларусь. Як не ўзгадаць і дзяўчынку-футбалістку Анастасію Пабягайла – колішняга капітана абласной каманды па футболе, якая прафесійна і паспяхова працягвае сваё спартыўнае захапленне.
– Безумоўна, цяжка развітвацца з таленавітымі рабятамі, столькі сіл у іх укладзена. Але разам з тым ёсць разуменне, што спартсменам неабходна расці, удасканальвацца ў майстэрстве. Самае галоўнае ў трэнерскай прафесіі – любіць дзяцей, тады ўсё абавязкова атрымаецца. Важна прытрымлівацца трэніровачнага працэсу, распрацаванай методыцы, – упэўнены Васілій Бут-Гусаім.
Яго партрэт у мінулым годзе ўпрыгожваў раённую Галерэю
славы. Васілій Бут-Гусаім прызнаваўся ў свой час лепшым трэнерам
маладзёжнага першынства Беларусі, калі быў футбольным настаўнікам брэсцкай каманды. У яго трэнерскім сузор’і нямала
зорачак – юных футбалістаў,а сёння ён вучыць азам гульні нумар адзін больш за 40 юных ляхавічан.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.