З абгрунтаваным разлікам на рост і развіццё. На пасаду дырэктара ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» уступіў Юрый Цюлянкоў

На пасаду дырэктара ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» з 2 красавіка ўступіў Юрый Цюлянкоў. Новага кіраўніка калектыву прадставілі генеральны дырэктар ДА «Кіруючая кампанія холдынгу «Канцэрн Брэстмясамалпрам» Аляксандр Прадун і старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.

Мікалай Мароз павіншаваў Юрыя Цюлянкова і адзначыў, што новы дырэктар добра знаёмы з вытворчасцю. У 2020 годзе ён пачынаў працаваць галоўным інжынерам, займаў пасаду намесніка дырэктара па вытворчасці і ідэалагічнай рабоце. Службовы рост дазволіў вывучыць усе тонкасці дзейнасці прадпрыемства і заваяваць аўтарытэт у калектыве. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што прадпрыемству важна і далей выпускаць якасную прадукцыю, якая
карыстаецца попытам у спажыўцоў, і пажадаў новаму дырэктару поспехаў у рэалізацыі намечаных планаў.
– Сёння трэба ўмець прэзентаваць сваю прадукцыю і шукаць новыя рынкі збыту. Спыняцца нельга, трэба рухацца далей. Планы
перспектыўныя. Новае тэхналагічнае абсталяванне з Кітайскай Народнай Рэспублікі, набытае ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, уключанага ў пералік «Рэгіянальная ініцыятыва», – сур’ёзны крок да павелічэння аб’ёмаў і якасці прадукцыі. Адметна, што прадпрыемства пры ўсіх зменах захавала сваю фішку – шкляны слоік, які станоўча ацэньваюць спажыўцы: зручна, надзейна, па-дамашняму, – акцэнтаваў старшыня райвыканкама.
Аляксандр Прадун звярнуў увагу, што перад калектывам прадпрыемства стаяць амбіцыйныя задачы: рост экспарту, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, аўтаматызацыя і рабатызацыя вытворчых працэсаў, пашырэнне асартыменту, а таксама развіццё сацыяльнага пакета для работнікаў.


Ён дадаў, што сэрца прадпрыемства – згуртаваны і дружны калектыў, які цяпер узначальвае малады і перспектыўны кіраўнік.
З назначэннем Юрыя Цюлянкова павіншавалі і лідар прафсаюза ляхавіцкіх аграрыяў Вольга Анікей, старшыня раённага аграпрамысловага саюза Андрэй Коктыш і калектыў прадпрыемства. Новы дырэктар падзякаваў за аказаны давер і запэўніў, што прыкладзе ўсе намаганні для развіцця прадпрыемства на карысць Ляхавіччыны, Брэстчыны і краіны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

