Быў тратуар, стала… яма. На гарачую лінію «ЛВ» патэлефанавалі ляхавічане

Чарговы званок на гарачую лінію «ЛВ» паклікаў карэспандэнтаў раёнкі і супрацоўнікаў аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама на праблемную кропку. Адрас – завулак Южакова ў Ляхавічах. Праблема, што доўжыцца са студзеня бягучага года, – гэта пра яму каля дзіцячага сада № 3 у Ляхавічах. І ўтварылася яна не сама па сабе.

– КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» праводзіла тут работы па рамонце інжынерных сетак. Работы даўно завершаны, а яма так і засталася. Месца правядзення земляных работ абгароджана, аднак праблема не ліквідавана. І мала таго, што яма пасярод тратуара ўяўляе небяспеку, сюды ўжо скідваюць смецце, бытавыя адходы! Неабходна як мага хутчэй выпраўляць сітуацыю. На пасяджэнні раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху разглядалася гэта пытанне, і было вынесена рашэнне, што да 17 красавіка 2026 года камунгас абавязаны выправіць сітуацыю і правесці ўсе неабходныя работы па добраўпарадкаванні гэтага ўчастка, – адзначае начальнік аддзела
архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Дарэчы, згодна з артыкулам 22.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, правядзенне без адпаведнага дазволу раскопак вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання, адсутнасць агароджы ў месцах правядзення раскопак ці неналежнае іх утрыманне, як і непрыняцце мер па прывядзенні раскопак ў парадак ва ўстаноўленыя тэрміны, прадугледжваюць штраф у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь фізічнай асобе,
ад 10 да 25 БВ – індывідуальнаму прадпрымальніку, ад 20 да 50 БВ – юрыдычнай асобе.

Пракаменціравалі тэму і ў камунгасе.
– У студзені на гэтым участку адбыўся парыў цеплатрасы. Парыў сіламі нашай арганізацыі ўхілены ў кароткія тэрміны. Аднак выяўлена, што патрабуецца капітальны рамонт азначанага ўчастка цеплатрасы, які будзе праведзены адразу пасля заканчэння бягучага ацяпляльнага сезона. Адпаведна, пасля завяршэння рамонту зробім і добраўпарадкаванне, – расказаў першы намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Ігар Шырэй.
Галіна КАНЬКО. Фота аўтара