Наваселлі гарантуе эканамічная трываласць

Даярка СВК «Жарабковічы» Лідзія Чаркас.

Нарэшце ўсё, што вырасцілі, сабралі. А цяпер самы час зрабіць паўзу, але толькі для таго, каб падсумаваць зробленае за год, які выдаўся хоць і складаным, але прадукцыйным. Урадлівай аказалася хлебная ніва: з кожнага гектара намалацілі па 65,8 цэнтнера збожжа, у засекі дзяржавы і сельгаспрадпрыемства яго засыпана 20557 тон. Як заўсёды, выдатны ўраджай сабраны з кукурузных палеткаў. Хапіла і на закладку корму для грамадскага статка, і больш за 20000 тон зерня засыпана на захоўванне, таксама як частка кармавой базы. Гэты вынік каштаваў работнікам раслінаводчай галіны напружанай працы. Новыя тэхналогіі вытворчасці, у наяўнасці сучасная тэхніка і механізмы, добра падрыхтаваныя кадры механізатараў, правільна выбраная стратэгія ў рабоце галоўных спецыялістаў дазволілі дабіцца высокай культуры земляробства. Належная запраўка глебы арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі, захаванне спрыяльных тэрмінаў сяўбы, догляду, уборкі далі добры плён. Як, дарэчы, і бульбяныя палеткі. З кожнага гектара бульбаводы атрымалі па 341 цэнтнеру клубняў, валавы збор іх склаў 5630 тон.

Цукровыя буракі ўжо шмат гадоў – асобая крыніца прыбытку для сельгаскааператыва. Вось і сёлета паляводы паабяцалі і зрабілі: на перапрацоўчае прадпрыемства ўжо дастаўлена больш як 30 000 тон салодкіх карэнняў. А ўсяго гаспадарка плануе адправіць на цукровы завод больш як 50000 тон буракоў.

А што ў жывёлагадоўлі? Паскоранымі тэмпамі рэканструюецца і будуецца комплекс на 720 жывёл у Жарабковічах. Малочны статак налічвае 2050 кароў, і кожная рагуля дае штодзень паўтаракілаграмовую прыбаўку ў надоях малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Аператар машыннага даення Лідзія Чаркас за 10 месяцаў надаіла ад кожнай каровы па 6641 кілаграмаў малака і стала пераможцай не толькі раённага, а і абласнога спаборніцтва.

Сярод лепшых хлебаробаў СВК «Жарабковічы» Міхаіл Кандыба, Андрэй Дзянішчык і Ігар Літвіновіч.

Сёлета адбылася знакавая падзея для сельгаскааператыва: СВК “Жарабковічы” “прырос” суседняй гаспадаркай — СВК “Канюхі” далучаны да яго. І цяпер у жывёлагадоўчай галіне з’явіўся яшчэ адзін накірунак – авечкагадоўля. Ужо сёння будуюцца-рамантуюцца аўчарні, вядзецца работа па паляпшэнні пароды авечак і павелічэнні пагалоўя.

У сельгаскааператыве спраўляюць наваселлі. Сёлета зноў 3 сям’і спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці атрымаюць катэджы з усімі камунальнымі выгодамі. У СВК “Жарабковічы” жыццё б’е крыніцай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *