Ляхавіцкія адрасы прафесійнага прызнання

У Свята працы, калі па ўсёй краіне ўшаноўвалі перадавых работнікаў, якія сваёй працай уносяць значны ўклад у развіццё рэгіёнаў, і прозвішчы выдатных прафесіяналаў Ляхавіччыны ўрачыста і годна прагучалі на ўсю Брэстчыну

У абласным Палацы культуры прафсаюзаў узнагароджвалі пераможцаў абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства «Лепшы ў прафесіі». Сярод дастойных прадстаўнікоў розных галін, службаў і ляхавічане. Пераможцы конкурсу, лепшыя па прафесіі, выдатныя майстры сваёй справы – урач-педыятр УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Інэса Драздовіч і дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч.

Дзіцячы доктар Інэса Канстанцінаўна

35 гадоў на варце здароўя маленькіх і юных землякоў прафесійна ўпэўнена, па-жаночы пяшчотна і клапатліва стаіць
педыятр Ляхавіцкай райбальніцы Інэса Драздовіч. Не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак пабывала на прыёме ў дзіцячага доктара. Інэса Драздовіч лёгка
знаходзіць кантакт не толькі са сваімі пацыентамі, але і з іх бацькамі. Нямала прыкладаў, калі даводзіцца быць сямейным урачом некалькіх пакаленняў адной сям’і: спачатку назірала і лячыла маленькага пацыента, а потым і яго дзяцей. Яна ўсё паспявае, з усім спраўляецца, як і належыць прафесіяналу. У працоўным графіку – і прыёмы ў паліклініцы, і выклікі на дом. А яшчэ плюс да ўсяго – дзяжурствы, пастаянныя выезды на прыём ва ўрачэбныя амбулаторыі і фельчарска-акушэрскія пункты: маленькім вяскоўцам таксама неабходны і прафілактычныя прышчэпкі, і кваліфікаваная дапамога ўрача. Пры такім напружаным графіку яна знаходзіць час, а, галоўнае, жаданне дзяліцца вопытам, дапамагаць авалодваць прафесіяй сваім маладым калегам. Не стамляецца ўдасканальвацца ў прафесійным майстэрстве, пастаянна павышае медыцынскую кваліфікацыю. Ды і грамадскае жыццё райбальніцы не абыходзіцца без удзелу Інэсы Драздовіч.
– Бясспрэчна, ганарымся калегай. Інэса Канстанцінаўна – выдатны прафесіянал, дастойная звацца лепшай у прафесіі. Інэса Драздовіч – граматны спецыяліст і мэтанакіраваны, ініцыятыўны кіраўнік. Педыятрычная служба, якую яна ўзначальвае, адна з лепшых у Ляхавіцкай ЦРБ, што было адзначана падчас выязной калегіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, якая ў красавіку гэтага года прайшла ў Ляхавічах, – падкрэслівае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Аляксей Майсей.

Вольга Пляшэвіч – дырэктар творчы

З году ў год супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы паспяхова займаюцца творчымі распрацоўкамі, дзякуючы якім можна шмат чаго новага даведацца пра гісторыю Ляхавіччыны, яе вядомых людзей, населеныя пункты. Бібліятэчныя праекты ляхавічан становяцца пераможцамі рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Дырэктар бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч – натхняльнік, ініцыятар многіх цікавых задумак. Яна сама ў захапленні ад адметнай культурнай спадчыны і зацікаўлівае ідэямі калег, якія з энтузіязмам акунаюцца ў мінулае.
– Наша Ляхавіччына настолькі гістарычна, краязнаўча, культурна, этнаграфічна багаты раён, што нельга ўсім гэтым не захапіцца. Мы, бібліятэкары, імкнёмся даследаваць, апрацаваць, захаваць сабраны матэрыял, каб у далейшым перадаць наступным пакаленням мноства цікавых фактаў пра нашу малую радзіму, людзей, якія прымнажалі і прымнажаюць славу роднай зямлі, – расказвае Вольга Пляшэвіч.
Адзін з такіх праектаў – «Зямля яднае і ўзбагачае: гісторыя сельскіх гаспадарак Ляхавіччыны» – стаў летась не толькі абсалютным пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую работу», але і дапамог дырэктару ЦБС стаць лепшай у прафесіі сярод работнікаў культуры Брэстчыны. Праект прысвечаны гісторыі і сённяшняму дню сельгаспрадпрыемстваў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.
І сёлета сярод пераможцаў абласнога этапу прэстыжнага
рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» – творчы праект ляхавіцкіх бібліятэкараў, а дакладней Востраўскай СБ, інтэрактыўны рэсурс «Мястэчка Востраў: 500 гадоў гісторыі». Пажадаем ляхавіцкім бібліятэкарам чарговых творчых поспехаў!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.