Краіна шчаслівага дзяцінства на карце аграгарадка. Аграгарадок Русінавічы, вуліца Цэнтральная, 15 – яшчэ адзін адрас шчаслівай краіны дзяцінства на Ляхавіччыне

Гэта прыемная навіна прыйшла на Ляхавіччыну яшчэ ў лютым. За высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі па выніках работы за 2024 год дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны Русінавіцкі дзіцячы сад. Чым не нагода завітаць у адну з лепшых дашкольных устаноў вобласці напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей.

Аграгарадок Русінавічы, вуліца Цэнтральная, 15 – яшчэ адзін адрас шчаслівай краіны дзяцінства на Ляхавіччыне. Рознакаляровыя альтанкі і арэлі, лавачкі і столікі, казачныя персанажы і крытыя гульнявыя пляцоўкі, кветнікі і кветкавыя кампазіцыі – тэрыторыя уражвае яркасцю і каларытам. Адназначна, у такіх умовах хлопчыкам і дзяўчынкам падабаецца бавіць час на свежым паветры. Не менш вясёлкавая карціна і ўнутры садка, напоўненага звонкімі дзіцячымі галасамі. Дашкольная ўстанова рыхтуецца да свята – выпускнога балю для шасці выхаванцаў другой рознаўзроставай групы, якія з 1 верасня 2025 года набудуць новы статус – першакласнікі.

– У нашым дзіцячым садку ў гэтым навучальным годзе 23 выхаванцы ва ўзросце ад трох да сямі гадоў наведваюць дзве рознаўзроставыя групы. Стварэнне бяспечных умоў пры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і ахова здароўя малышоў – асноўная задача, якую з дня ў дзень вырашае калектыў. Імкнёмся, каб кожны дзень стаў для выхаванцаў змястоўным, цікавым. Важна, каб дзеці заўжды адчувалі сябе, як дома, каб кожную раніцу з задавальненнем і радасцю спяшаліся сюды, – адзначае загадчык Русінавіцкага дзіцячага сада Жанна Станкевіч.
Колькі мерапрыемстваў для развіцця дзетак тут праводзіцца! Асабліва запамінальна прайшлі «Вялікі цуд – сям’я», «Канстытуцыя вачыма дзяцей», «Пісьмо Беларусі», «Сустрэчы з цікавымі людзьмі. Прафесія аграрная», навагоднія ранішнікі і святы да Дня маці і Дня бацькі, з цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, арганізаваных Русінавіцкай сельскай бібліятэкай.
Нават кароткая гутарка з выхаванцамі дашкольнай установы пацвердзіла, што ім тут добра. З дзіцячай непасрэднасцю маленькія аграгараджане гаварылі пра свой садок і выхавальнікаў, пра тое, што падабаецца, і пра свае мары.
Аліса КОСАЧ, тры гады:
– Мне падабаецца ў дзіцячым садзе. Мяне сюды прыводзіць мама. Тут можна гуляць з рознымі цацкамі. А яшчэ я люблю есці манку. Яна вельмі-вельмі смачная. І ў нас добрая выхавальніца Валянціна Міхайлаўна.
Ваня ШЫМКЕВІЧ, пяць гадоў:
– Люблю садзік. У мяне тут сябры Кірыл, Жэня, а яшчэ Міра. Яна хоць і дзяўчынка, але з ёй сябрую. Хачу хутчэй вырасці і стаць машыністам цягніка, буду ўсіх вазіць, як у метро.
Дзіяна БУЙКЕВІЧ, шэсць гадоў:
– У садзіку добра і весела, асабліва, калі ходзім на прагулку. Там многа цікавага, можна гуляць у розныя гульні. Я, канешне, збіраюся ў школу, але буду сумаваць і па дзецях з садзіка, і па нашай Святлане Анатольеўне, бо яна нас вельмі любіць, яна добрая. Вырас-ту, таксама буду выхавальнікам.

У садку – зладжаны і творчы калектыў. Не дзіўна, што створана такая добразычлівая і камфортная для дзяцей атмасфера.
– Для мяне словы Сухамлінскага «сэрца аддаю дзецям» сталі сапраўдным дэвізам не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці. Кожны дзень іду на працу да сваіх любіменькіх гарэз з адкрытай душой і абавязкова з добрым настроем. З імі не засумуеш, што ні дзень, то новыя і абавязкова станоўчыя эмоцыі. Дзяцей нельга не любіць, –
упэўнена выхавальнік Валянціна Пілецкая. Яна марыла пра прафесію выхавальніка яшчэ школьніцай. Але лёс распарадзіўся так, што працавала 17 гадоў поварам. І ўсё ж мара стала рэальнасцю, атрымала прафесію выхавальніка дашкольнай установы і стала выдатным педагогам.
Кіраўнік установы не шкадуе цёплых і шчырых слоў у адрас сваіх калег.
– У нас цудоўныя выхавальнікі, скарбніца крэатыву,
натхнення, задумак – Валянціна Пілецкая, Святлана Марчык, Наталля Бародзіч. Кожная ў прафесіі не адзін дзясятак гадоў. А якія творчыя, умеюць знайсці падыход да кожнага з выхаванцаў музычны кіраўнік Людміла Жукоўская і настаўнік-дэфектолаг Алена Козел.
Лёгкія на пад’ём, сапраўдныя памочнікі выхавальнікаў, клапатлівыя і ўважлівыя Святлана Качан і Алена Казакевіч. У тым, што ў нашых выхаванцаў выдатны апетыт і добрае здароўе, значная заслуга медыцынскай сястры Таццяны Грачыха і повара Тамары Клечан. А ў тым, што ў садку заўжды ўсяго хапае і парадак гарантаваны, – заслуга загадчыка гаспадаркі Ірыны Казук, – расказвае пра калектыў Жанна Станкевіч.
У Русінавіцкага дзіцячага сада наладжаны цесныя стасункі з бацькамі выхаванцаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці дашкольнай установы. Яны з жаданнем далучаюцца да разнастайных мерапрыемстваў, якія тут ладзяцца. Вось толькі няпоўны пералік: выставы «Залатыя рукі маёй мамы», «Любімая кніга маёй сям’і», «Навагоднія цацкі», акцыі «Наш чысты дзіцячы сад», «Ператвараем адходы ў даходы» і іншыя. Удзячны калектыў і СВК «Ляхавіцкі», які заўжды аказвае фінансавую падтрымку падчас рамонтных работ, пры набыцці абсталявання для дзіцячых пляцовак, радуе дзятву салодкімі падарункамі.
– Канешне, вельмі ганарова атрымаць статус адной з лепшых да-школьных устаноў Брэстчыны. Але акрамя гонару і дадатковага стымулу працаваць з выхаванцамі яшчэ больш творча і крэатыўна, гэта яшчэ і вялікая адказнасць, неабходнасць апраўдаць аказаны давер. Будзем і далей імкнуцца, каб наша дашкольная ўстанова была цёплым і ўтульным другім домам і для выхаванцаў, і для калектыву, – адзначае Жанна Станкевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.