Прафесія – адраджаць зямлю. Ёсць такая прафесія – меліяратар. Чалавек, які любіць зямлю і клапоціцца пра яе ўрадлівасць


Анатолій і Максім Цімашкевічы – працоўная дынастыя меліяратараў.

Толькі ўявіце, амаль 47 гадоў Анатолій Цімашкевіч бесперапынна шчыруе на ніве меліярацыі Ляхавіччыны, па-майстэрску кіруе экскаватарам. У Ляхавіцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм яму давяраюць самыя складаныя ўчасткі, бо ведаюць, што вопытны Цімашкевіч абавязкова справіцца. Такая адданасць прафесіі, добрасумленнае выкананне абавязкаў заслугоўваюць прызнання і пашаны.
Анатолій Цімашкевіч – уладальнік нагруднага знака «Заслужаны меліяратар Рэспублікі Беларусь», а днямі атрымаў з рук губернатара Брэстчыны Пятра Пархомчыка Грамату аблвыканкама. Адзін з лепшых работнікаў арганізацыі не толькі сам плённа працуе, але і з задавальненнем перадае вопыт іншым, рыхтуе дастойную змену.
Адзін з яго вучняў па сумяшчальніцтве і ўнук – Максім Цімашкевіч, якому ад дзеда перадаўся талент разбірацца ў тэхніцы. 20-гадовы Максім – трактарыст і зараз займаецца абкошваннем меліярацыйных каналаў

Меліярацыйныя работы і будаўніцтва, рамонт і абслугоўванне меліярацыйных збудаванняў – няпоўны пералік работ, якімі займаецца Ляхавіцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Прадпрыемства мае вялікі аўтапарк спецыяльнай і будаўнічай тэхнікі. Для забеспячэння праектных нормаў асушэння земляў на тэрыторыі раёна выкарыстоўваецца складаны комплекс гідратэхнічных і іншых збудаванняў: каналы, дамбы, шлюзы-рэгулятары, помпавыя станцыі.

Дырэктар  УП «Ляхавіцкае ПМС» Сяргей  ЮШКЕВІЧ


Але галоўнае багацце, канешне ж, людзі. Цяпер тут працуе 75 чалавек. І традыцыйна ў першую нядзелю чэрвеня яны разам з ветэранамі працы прадпрыемства будуць адзначаць прафесійнае свята – Дзень меліяратара. Гэта прафесія па праве адносіцца да катэгорыі важных, запатрабаваных і даволі нялёгкіх. Людзі працуюць пад адкрытым небам у любое надвор’е. Дзякуючы прафесіяналізму, адданасці справе, добрасумленнаму выкананню абавязкаў меліяратары былі і застаюцца надзейнымі партнёрамі работнікаў розных вытворчых сфер, але асабліва гэта тычыцца аграрыяў. Пасля меліярацыйных работ ствараюцца спрыяльныя ўмовы для павышэння ўрадлівасці глебы і, як вынік, – рост ураджаю, забеспячэнне жывёлагадоўлі высакаякаснай кармавой базай.

– Меліярацыя – бесперабойная і бясконцая работа, якая патрабуе поўнай самааддачы. І гэта разумее кожны работнік арганізацыі. У нас зладжаны, арганізаваны і ўзаемазамяняльны калектыў. Менавіта такая згуртаванасць і дазваляе пераадольваць любыя цяжкасці, дасягаць працоўных поспехаў.
Будзем і далей накіроўваць усе намаганні дзеля вырашэння задач, якія перад меліяратарамі краіны ставіць Кіраўнік дзяржавы: павелічэнне тэмпаў меліярацыі і павышэнне культуры
земляробства, належнае ўтрыманне меліяраваных земляў, – адзначае дырэктар Ляхавіцкага ПМС Сяргей Юшкевіч.

Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнты «ЛВ» сустрэліся з ветэранамі працы і сённяшнімі меліяратарамі.

Бухгалтар па меліярацыі
Ніна Прадун аддала меліярацыі больш за 36 гадоў. У яе працоўнай кніжцы толькі адно месца работы, куды яна пасля заканчэння Пінскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума размеркавалася ў ліпені 1975 года інжынерам па кадастры.
– Займалася ўлікам усёй меліярацыйнай сеткі – своеасаблівы бухгалтар па меліярацыі. У той час меліярацыя ішла па ўзрастаючай, яе нават параўноўвалі з будаўніцтвам Байкала-Амурскай магістралі ці асваеннем цаліны. Зразумела, што прафесія меліяратара была надзвычай папулярнай. А Пінскі тэхнікум, дзе рыхтавалі штучных спецыялістаў, і ўвогуле лічыўся адным з лепшых у СССР. У нашага ПМС былі і ўзлёты, калі работы шмат, але і даводзілася пераадольваць пэўныя неспрыяльныя часы. Заўжды знаходзілася выйсце. Давялося працаваць з многімі кіраўнікамі, пачынала з Аляксеем Царуком. Але асабліва ўспамінаю добрым словам як настаўніка, дарадчыка, дырэктара, які паважаў кожнага работніка, Івана Дземскага. А сённяшні дырэктар прадпрыемства Сяргей Юшкевіч прыйшоў да нас маладым спецыялістам і, калі стаў кіраўніком, яшчэ больш згуртаваў калектыў. Прыемна, што нас, пенсіянераў, не забываюць, – гаворыць Ніна Прадун.

І на рабоце, і дома разам
Сям’я Барыса і Кацярыны Петуховых прыехала на Ляхавіччыну ў другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя з Піншчыны. Муж і жонка – меліяратары-прафесіяналы, выпускнікі Пінскага гідрамелія-
рацыйнага тэхнікума. Кацярына Петухова ўладкавалася сметчыцай, потым перайшла на эканаміста.
– У нас быў цудоўны калектыў. Працавалі па прынцыпе: трэба – значыць, трэба. Нават калі на пачатку двухтысячных у арганізацыі было цяжка з фінансаваннем, даводзілася ісці ў безаплатны водпуск, людзі не звальняліся, верылі, што дзяржава не пакіне нас сам-насам з праблемамі. Так і здарылася. Мы рады, што сёння на прадпрыемстве справы ідуць добра, – разважае Кацярына Петухова.
Барыс Петухоў 12 гадоў працаваў інжынерам у Пінсксаўгасбудзе. Потым яго перавялі галоўным інжынерам ПМК-24 у Ляхавічах. Пасля аб’яднання ПМК-24 і і міжраённага упраўлення асушальна-арашальных сістэм (МУААС) ў Ляхавіцкае ПМС Барыс Петухоў пэўны час не працаваў у гэтай сістэме.
– Але меліярацыя прыцягвае, як магніт. Таму зноў вярнуўся ў сваю прафесію і працаваў інспектарам па тэхнаглядзе – кантраляваў якасць работ на аб’ектах меліярацыі Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў, –
расказвае Барыс Петухоў.

Тут мая работа, тут мая сям’я
Для ўраджэнкі Кобрынскага раёна Ніны Клявец Ляхавіччына стала другой малой радзімай.
– Я ляхавічанка вось ужо 42 гады. Тут мая работа, мой калектыў. Мая сям’я. Хаця і сёння памятаю, як ўпершыню прыехала ў Ляхавічы 1 жніўня 1983 года і доўга шукала МУААС, куды пасля заканчэння Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута мяне накіравалі старшым інжынерам па гідралогіі. Думала, адпрацую, колькі належыць па размеркаванні, і вярнуся дамоў. Але лёс распарадзіўся па-свойму. Чаму я вельмі рада. Нават не ўяўляю сябе ў іншай арганізацыі ці ў іншай прафесіі. Любіла сваю работу, кам-
фортна было ў калектыве, як з вопытнымі работнікамі, так і з маладымі спецыялістамі, якія папаўнялі арганізацыю,
яны вучыліся ў нас, а мы, старажылы, у іх. У коле маіх абавязкаў было вывучэнне грунту, праектаванне, спісанне матэрыялаў і г. д. Так атрымалася, што мая нявестка таксама меліяратар і таксама працуе ў Ляхавіцкім ПМС, – адзначае Ніна Клявец. Ветэран-меліяратар гаворыць, што вельмі важна захоўваць пераемнасць пакаленняў і выдатна, што сённяшні калектыў не губляе сувязі з тымі, хто працаваў калісьці на ніве меліярацыі.

Раўненне на лепшых
У ПМС заўжды ўшаноўваюць лепшых па прафесіі. Іх партрэты – на Дошцы гонару прадпрыемства. За паспяховую работу па выніках 2024 года партрэт намесніка дырэктара – галоўнага інжынера ДУВП «Ляхавіцкае ПМС» Таццяны Клявец занесены на Дошку гонару
ДУ «Брэстмеліявадгас». Таццяна  Клявец, як і нямала работнікаў ПМС, мае дыплом Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А. Я. Кляшчова.
Разам з мужам, які тутэйшы, з Ляхавічаў, прыехалі ўладкоўвацца па спецыяльнасці ў ДРБУ-200. Муж і сёння працуе ў дарожнай арганізацыі. А вось дзяўчыне – маладому спецыялісту месца тады не знайшлося. А колішні дырэктар ПМС Валерый Богнат паверыў у маладога спецыяліста і даверыў пасаду майстра з умовай, што будзе атрымліваць вышэйшую адукацыю. І Таццяна не падвяла – атрымала дыплом Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Паспяхова сумяшчала завочную вучобу з работай: узначальвала планава-тэхнічны аддзел, была галоўным інжынерам, а з мая мінулага года – намеснік дырэктара.
– Лічу, мне вельмі пашанцавала і з прафесіяй, і з калектывам. Помню, як добра мяне прынялі, як вучылі, падказвалі. Растлумачвалі, уводзілі ў курс работы. Многаму навучыла свякроў Ніна Клявец.
Старалася і сама пераймаць вопыт і ўдасканальвацца тэарэтычна, – гаворыць Таццяна Клявец.
Як паказвае час, выпадковыя людзі на прадпрыемстве не затрымліваюцца. З году ў год дастойныя вынікі работы паказваюць экскаватаршчыкі Анатолій Цімашкевіч, Анатолій Куніцкі, Сяргей Сайко, Мікалай Курловіч, трактарысты Сяргей Клімовіч – заслужаны работнік ПМС, Вікенцій Дыдышка, Сяргей Рабцэвіч. І тычыцца гэта не толькі тых, хто непасрэдна задзейнічаны на меліярацыі і абслугоў-
ванні аб’ектаў арганізацыі. Не падвядуць – гэта і пра прафсаюзнага лідара начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Аляксандру Рамейка, вядучага эканаміста Ганну Анціпаровіч, бухгалтара Валянціну Рыжко, дыспетчара Іну Казлоўскую, юрысконсульта Вольгу Рулінскую, прарабаў Віктара Падгорнага і Дзмітрыя Сяргея. З Днём меліяратара, дарагія землякі!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.