Ляхавічане сталі сведкамі адкрыцця Нацыянальнага футбольнага стадыёна

Уладзімір БЯШЭЙКА, інструктар-метадыст фізкультурна-спартыўнага клуба:
–Эмоцыі перапаўняюць, уражанні незабыўныя! Нам пашчасціла стаць сведкамі такой грандыёзнай падзеі – адкрыцця Нацыянальнага футбольнага стадыёна. Гэта, без перабольшвання, эпахальная падзея і не толькі ў жыцці Беларусі спартыўнай. Раней такога кшталту спартыўныя аб’екты міжнароднага ўзроўню бачыў толькі па тэлевізары, калі трансліраваліся матчы сусветных ці еўрапейскіх чэмпіянатаў па футболе. А цяпер такі сучасны стадыён ёсць у нашай краіне!
Я калісьці займаўся футболам на прафесійным узроўні, гуляў на розных спартыўных арэнах, але што такая з’явіцца ў нашай краіне, не мог нават уявіць. Стадыён маштабны, мабільны, аснашчаны па самых сучасных тэхналогіях, добраўпарадкаваны, шматфункцыянальны, утульны-толькі частка характарыстык стадыёна. Яшчэ мяне ўразілі ўладкаваныя газоны з сучаснымі сістэмамі аўтаматычнага догляду, падсветка, велізарныя экраны, якія дазваляюць сачыць за гульнёй на полі ў розных ракурсах, тое як перадаецца трансляцыя матча і, канешне, гульня маладзёжных зборных Беларусі і Кітая. Як сказаў Кіраўнік дзяржавы, тут будуць праходзіць не толькі матчы Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе, але і афіцыйныя міжнародныя сустрэчы і беларусы на сваім Нацыянальным стадыёне змогуць прымаць лепшых футбалістаў свету.
Злавіў сябе на думцы, што па-добраму зайздрошчу сённяшняму пакаленню маладых. Колькі ў краіне робіцца для развіцця не толькі прафесійнага, але і масавага спорту, на самым высокім узроўні прапагандуецца здаровы лад жыцця. І здорава, што наша Ляхавіччына не выключэнне. Кожны год на спартыўным небасхіле запальваюцца новыя спартыўныя зорачкі, праводзяцца разнастайныя спартыўныя спаборніцтвы, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню, адбываецца абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных аб’ектаў. Было б жаданне займацца спортам – магчымасцей хапае!