Пад надзейнай аховай. 16 чэрвеня адзначаецца Дзень утварэння спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў органаў унутраных спраў

16 чэрвеня адзначаецца Дзень утварэння спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў органаў унутраных спраў. Сёлета дата юбілейная – 90-годдзе з дня, калі загадам камісарыята ўнутраных спраў БССР абавязкі па надзейнай ахове і суправаджэнні правапарушальнікаў у суды былі замацаваны за органамі міліцыі.

У Ляхавіцкім РАУС таксама маецца ізалятар часовага ўтрымання. Сюды дастаўляюць сямейных скандалістаў, тых, на каго пастановай суда накладаецца пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, і г. д. Усе ўтрымліваюцца ў строгім рэжыме, наладжана сучасная сістэма відэаназірання, супрацоўнікі на варце кругласутачна.
Падраздзяленне тры гады назад узначаліў Дзмітрый Чаркас – міліцыянер вопытны і адказны, які сюды перайшоў з пасады старшага інспектара групы тылавога забеспячэння. На варце закону ён ужо 26 гадоў.


У штаце ІЧУ – міліцыянеры канвойнага падраздзялення і міліцыянеры-вадзіцелі. Хоць стаж многіх з іх не перавышае трох гадоў, але Дзмітрый Чаркас характарызуе сваіх падначаленых толькі са станоўчага боку – ведаюць і дакладна выконваюць свае службовыя абавязкі. Пад-раздзяленне РАУС аб’яднала супрацоўнікаў з розных раёнаў Брэстчыны: Максім Чарняк, Яўгеній Бублеўскі, Аляксандр Сокал, Аляксандр Дабралёт – мясцовыя, Багдан Шардыка родам з Баранавічаў, Данііл Муха – з Ганцавіцкага раёна.
Сапраўдным майстар-класам для маладых супрацоўнікаў становяцца сустрэчы з ветэранамі падраздзялення. Напярэдадні юбілейнай даты адбылася чарговая, на якой былі і ўспаміны, і наказы несці службу дастойна. Былы начальнік ІЧУ Аляксандр Кендыш узгадаў, як пачынаў службу паставым у званні сяржанта, а на заслужаны адпачынак выйшаў падпалкоўнікам. У яго арсенале 35 гадоў службы, з якіх 32 – кіраўніком падраздзялення, што па выніках аператыўна-службовай дзейнасці не раз пры-знавалася адным з лепшых на Брэстчыне.
– Ва ўсе часы галоўная задача супрацоўнікаў ІЧУ – не дапусціць надзвычайнай сітуацыі. Калектыў у нас быў дружны, дзейнічалі зладжана і дакладна. Трэба было – канваіравалі і ў свой выхадны дзень. Ніхто не лічыўся з асабістым часам, і пастаўленыя задачы выконвалі ў тэрмін. Дастаўлялі спецкантынгент у Віцебск, Оршу, Мазыр і г. д., – дзеліцца Аляксандр Кендыш і адзначае, што на памяць пра міліцэйскія будні мае медалі трох ступеняў «За бездакорную службу». У яго памяці выпадак, калі змаглі з напарнікам Віталіем Манахавым папярэдзіць спробу ўцёку злачынцы з суда.
Сярод ветэранаў і Аляксандр Ляшук, які ў ІЧУ прыйшоў з патрульна-паставой службы і больш за два дзесяцігоддзі нёс службу міліцыянерам-канваірам, як і яго былы калега Уладзімір Рабцэвіч. Канваіравалі ў суд, ахоўвалі арыштаваных і іншае. Валерый Пракап’юк апошнія сем гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак быў міліцыянерам-вадзіцелем ІЧУ. Часам камандзіроўкі займалі і не адныя суткі, трэба было і пад-рыхтаваць машыну на далёкую адлегласць, а трэба – і адрамантаваць. І з абавязкамі спраўляўся.


– І раней, і сёння ў гэтым падраздзяленні міліцыі выпадковыя людзі не затрымліваюцца. Да асабовага складу ізалятара часовага ўтрымання прад’яўляюцца даволі жорсткія патрабаванні. За навічкамі замацаваны настаўнікі, якія перадаюць вопыт маладым калегам. Павышаная ўвага надаецца тактычнай, фізічнай і агнявой падрыхтоўцы, маральна-псіхічным якасцям, бо ў надзвычайным выпадку патрабуецца аператыўнае рэагаванне на супрацьзаконныя дзеянні, – адзначае начальнік РАУС Дзяніс Майсеня.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.